Пад Мінскам рыбу кету перафарбоўвалі ў «стронгу» і казалі, што так яшчэ лепш
Прыватная фірма пад Мінскам прадавала фарбаваную кету пад выглядам фарэлі. Цяпер уладальнікаў фірмы будуць за гэту схему судзіць, паведаміў Следчы камітэт.
25.08.2023 / 21:25
Самка кеты. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons
Гісторыя гэтай бізнэс-схемы пачалася вясной мінулага года, калі на прадпрыемства паступілі заяўкі на выраб паўфабрыкатаў стронгі ў кавалках. Неабходнай сыравіны ў дастатковай колькасці не знайшлося, аднак у галоўнага тэхнолага ўзнікла ідэя: узяць танную рыбу з сямейства ласосевых і выдаць яе за дарагую.
Паколькі пробная партыя не выклікала падазрэнняў у замоўцы, то схему паставілі на паток. Фарбаваную кету сталі прадаваць пад выглядам «стронгі вясёлкавай». Такім чынам было рэалізавана больш за дзве тоны рыбы, а прыбытак ад продажу склаў не менш за 11 тысяч рублёў.
Калі схема раскрылася, то прадпрымальнікі спрабавалі апраўдацца тым, што «так нават лепш», бо кета, маўляў, больш чыстая рыба і не саступае ў спажыўчай каштоўнасці стронзе.
Тым не менш, яны сталі фігурантамі па некалькіх крымінальных артыкулах, уключаючы ўвядзенне спажыўцоў у зман і перавышэнне паўнамоцтваў. Цяпер ім пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
Чаму чырвоная рыба ад «Санта Брэмар» часам бледна-ружовая
Мінтай, хек, скумбрыя… Якую рыбу любяць беларусы і адкуль яе прывозяць?