Міністр абароны Літвы: На кожнага мёртвага Прыгожына з'явіцца новы Прыгожын

Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас, каментуючы гібель камандзіра ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына, адзначае, што рана ці позна ягонае месца будзе занятае. На думку міністра, на бяспеку Літвы ўплывае не смерць Прыгожына, а вайна ва Украіне, піша Delfi.lt.

26.08.2023 / 08:31

Арвідас Анушаўскас — прафесійны гісторык, даследчык гісторыі літоўскіх спецслужбаў у міжваеннай Літве, гісторыі дзейнасці КДБ у Літве, даследчык сталінскіх рэпрэсій. Ён — дацэнт Віленскага ўніверсітэта, аўтар мноства кніг па гісторыі і аўтар сцэнароў 14 дакументальных фільмаў. На фота ён з прэзідэнтам Гітанасам Наўседам, злева — міністарка эканомікі і навацый Аўшрыне Арманайце. Фота з фэйсбука Арвідаса Анушаўскаса.

«На кожнага мёртвага Прыгожына з'явіцца новы Прыгожын. Яго месца могуць заняць іншыя асобы, на іншых падставах, магчыма, з іншымі сувязямі з Мінабароны Расіі», — міністр пракаментаваў смерць лідара групоўкі «Вагнер». Паводле яго, група наймітаў небяспечная, але агульная сітуацыя з бяспекай Літвы прадыктаваная вайной ва Украіне.

«Мы шмат гаворым аб гэтай групоўцы — так, яна небяспечная, так, у некаторых краінах яна абвешчаная тэрарыстычнай. Аднак агульная сітуацыя з бяспекай дыктуецца вайной ва Украіне, і ўсе астатнія дзеянні звязаныя з гэтым», — сказаў Анушаўскас.

Кіраўніца літоўскага МУС Агне Білатайце падкрэсліла, што, нягледзячы на смерць лідара ПВК «Вагнер», Літва ўвесь час адчувае пагрозу з боку агрэсіўных рэжымаў у Беларусі і Расіі.

«Мы жывем побач з такімі суседзямі, як беларускі рэжым і Расійская Федэрацыя, таму ўвесь час адчуваем пагрозы, існуе пастаянная небяспека», — сказала ў пятніцу Білатайце.

«Але мы рэагуем адэкватна, усе нашы ўстановы і службы гатовыя. А што тычыцца будучыні, то мы сапраўды складаем розныя сцэнары і разумеем, што ў гэтым кантэксце трэба быць пільнымі і расслабляцца нельга», — падкрэсліла міністарка.

Чытайце таксама:

Міністр абароны Літвы: Мы не збіраемся дрыжэць перад вагнераўцамі ў Беларусі

Прэм'ерка Шыманіце пра вагнераўцаў у Беларусі: «Гатоўнасць Літвы — адэкватная сітуацыі»

Лукашэнка: Я і не павінен гарантаваць бяспеку Прыгожына. А вагнераўцы «нікуды не бягуць»

Nashaniva.com