Прэм'ерка Эстоніі катэгарычна адмовілася сыходзіць у адстаўку

«Я не планую сыходзіць у адстаўку, я як прэм'ер-міністарка стаяла і буду стаяць за свабоду Украіны і Эстоніі», — сказала Кая Калас.

26.08.2023 / 11:28

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц глядзіць на Каю Калас. Фота з яе інстаграма

Кая Калас (Партыя рэформаў) не збіраецца пакідаць пасаду прэм'ер-міністаркі Эстоніі праз скандал, звязаны з бізнэсам яе мужа, піша Postimees.

«Я не планую сыходзіць у адстаўку, я як прэм'ер-міністарка стаяла і буду стаяць за свабоду Украіны і Эстоніі», — сказала Кая Калас.

Па яе словах, за санкцыйныя тавары трэба караць, астатні бізнэс — гэта пытанне маральнага компаса.

Яна таксама падкрэсліла, што яны з мужам — Арва Халікам — працоўных пытанняў дома не абмяркоўваюць. Што тычыцца крэдыту, які Калас дала фірме мужа, то гэтыя грошы, па словах прэм'ер-міністаркі, выкарыстоўваліся фірмай разам з іншым капіталам для розных фінансавых інвестыцый, і на гэты момант уся сума крэдыту была ўжо вернутая.

Днямі стала вядома, што Stark Logistics, кампанія Арва Халіка, аднаго з самых актыўных ініцыятараў увядзення санкцый супраць Расіі, працягнула займацца транспарціроўкай тавараў у Расію: іх бізнэс-партнёр, кампанія Metaprint, які таксама мае долю ў кампаніі Stark Logistics, ужо паўтара года не можа там спакаваць рэчы.

Генеральны дырэктар Stark Logistics Крысцьян Крааг запэўніў, што падчас вайны ў кампаніі не было ніводнага расійскага кліента. Аднак у Stark Logistics ёсць эстонскі кліент Metaprint, у якога ў Расіі ёсць завод па вытворчасці аэразольнай упакоўкі. Апошняя перавозка для эстонскага заказчыка адбудзецца ў верасні.

Сам муж Калас Арва Халік абвясціў у пятніцу, што прадае ўсе свае акцыі ў прадпрыемстве Stark Logistics і сыходзіць з кампаніі.

Чытайце таксама:

Скандал у Эстоніі: апазіцыя патрабуе адстаўкі прэм'ера. Яе муж працаваў з расійскімі кампаніямі пасля пачатку вайны

Урад Латвіі ўзначаліць Эвіка Сіліня. Такім чынам, урадамі ўсіх трох краін Балтыі кіруюць жанчыны

Прэзідэнтам Латвіі абралі Эдгара Рынкевіча. Ён не раз сустракаўся з Ціханоўскай

Nashaniva.com