Луіса Рубіалеса адхілілі ад футбола на час разгляду справы пра скандальны пацалунак

Прэзідэнт Федэрацыі футбола Іспаніі Луіс Рубіалес часова адхілены ад любой футбольнай дзейнасці на час дысцыплінарнага разбору, распачатага адносна ягонага скандальнага пацалунку футбалісткі зборнай Іспаніі Джэніфер Эрмоса. Пра гэта паведамляецца на сайце ФІФА.

26.08.2023 / 19:59

Самому Рубіалесу рэкамендавана таксама ўстрымацца ад кантактаў ці спробаў звязацца з Эрмоса і яе блізкім асяроддзем. Аналагічную рэкамендацыю далі таксама Фэдэрацыі футбола Іспаніі і яе службовым асобам.

Скандал узнік пасля таго, як на цырымоніі ўзнагароджання пасля перамогі нацыянальнай каманды ў фінале жаночага чэмпіянату свету над Англіяй (1:0) Рубіалес моцна абняў і пацалаваў у вусны Эрмосу, чым выклікаў крытыку ў свой адрас. Тлумачачы свае дзеянні, Рубіалес заклікаў «не звяртаць увагі на лухту», але гэтым толькі падліў алею ў агонь.

У чацвер дысцыплінарны камітэт ФІФА распачаў справу супраць Рубіалеса. У ФІФА адзначылі, што яго дзеянні могуць быць парушэннем арт. 13 дысцыплінарнага кодэкса, прысвечанага «абразлівым паводзінам», у прыватнасці «парушэнню асноўных правілаў годных паводзін» і «паводзінам, якія наносяць шкоду рэпутацыі гэтага віду спорту».

Пракуратура Мадрыда 25 жніўня распачала справу ў дачыненні да кіраўніка RFEF па падазрэнні ў сэксуальным гвалце. У справе ёсць заява ад самой Эрмоса, а таксама ад прэзідэнта Нацыянальнай школы футбольных трэнераў Мігеля Анхеля Галана.

Нягледзячы на ціск, Рубіалес 25 жніўня заявіў, што не сыдзе ў адстаўку. На знак пратэсту форвард «Бетыса» Борха Іглесіяс абвясціў аб сыходзе з мужчынскай зборнай Іспаніі.

Рубіалес узначальвае RFEF з мая 2018 года.

Чытайце таксама:

«Арсенал» не здолеў утрымаць перамогу над «Фулхэмам»

Месі наняў сабе асабістага целаахоўніка. Той бегае ўздоўж поля падчас яго матчаў

Названы гульцы зборнай на матчы з Андорай і Ізраілем. Ёсць нават беларус з чэмпіянату Іспаніі. Але не спяшайцеся радавацца

Nashaniva.com