У Мінску заробкі ўпалі, а ў рэгіёнах выраслі. Як такое магчыма?

Згодна з афіцыйнымі данымі, сярэдняя зарплата па краіне вырасла на 6 рублёў у параўнанні з чэрвенем. Але рост назіраўся не ва ўсіх рэгіёнах. 

29.08.2023 / 09:51

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Мінчукі сталі бяднейшымі

Па выніках ліпеня, сярэдняя налічаная зарплата ў Беларусі склала 1933 рублі. На рукі гэта 1662 рублі. Месяцам раней сярэдняя налічаная зарплата ў Беларусі была на ўзроўні 1927 рублёў.

Але ў сталіцы сярэдняя зарплата паменшала на 3 рублі. 

Эксперт BEROC Настасся Лузгіна мяркуе, што да дадзенай сітуацыі мог прывесці той факт, што ў сталіцы скарачаецца колькасць высокааплатных спецыялістаў.

«Людзей з высокімі заробкамі, якіх у Мінску традыцыйна было больш, чым у рэгіёнах, становіцца менш. Гэта і магло паўплываць на сярэдні заробак, бо колькасць людзей з больш нізкімі заробкамі павялічылася ў параўнанні з тымі, хто меў больш высокія заробкі».

Эканаміст адзначае, што ўлічваючы сцісканне таго ж ІТ-сектара, такі працэс з'яўляецца цалкам чаканым.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Заробкі ў ІТ у намінальным выражэнні хоць і павольна, але ўсё ж растуць. Аднак за кошт таго, што занятых у сектары становіцца менш, то гэта магло аказаць такі эфект», — лічыць Лузгіна.

Пры гэтым эксперт мяркуе, што падобная сітуацыя можа назірацца і ў некаторых іншых сферах.

Чаму рост заробкаў запавольваецца

Кажучы ў цэлым пра рост заробкаў, эканаміст адзначае наступныя тэндэнцыі:

«У чэрвені заробкі досыць актыўна і раўнамерна раслі ў рэальным выражэнні па ўсіх рэгіёнах. Хоць ужо тады ў Мінску гэты прырост быў ніжэйшы, чым у рэгіёнах (11,8%). Па абласцях было 16,5-17,8%, у адносінах да чэрвеня мінулага года. Па даных за ліпень па рэгіёнах дзесьці прырост склаў 13%, дзесьці 16%. Мінск на гэтым фоне зноў паказвае самыя сціплыя паказчыкі росту ў памеры 11,6%».

Таксама трэба разумець, што ў апошні час быў актыўны аднаўленчы рост. Заробкі раслі, як у намінальным, так і ў рэальным выражэнні. У чэрвені зарплаты па краіне выраслі на 15,2% (у параўнанні з тым, што было год таму). У ліпені гэты паказчык запаволіўся да 14,4%.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Дадзенае змяненне эксперт тлумачыць тым, што рост заработнай платы шмат у чым быў звязаны з дэфіцытам працоўнай сілы. Кампаніі і прадпрыемствы падвышалі заробкі, каб утрымаць старых супрацоўнікаў і прыцягнуць новых.

«У некаторых выпадках гэта рабілася сабе на шкоду. Але пастаянна падвышаць дзеля гэтага заробкі не атрымліваецца. У тым ліку таму, што існуе дзяржаўнае рэгуляванне цэн. Прадпрыемства разумее, што павышаць цэны нельга, а заробкі і выдаткі растуць. Таму цалкам магчыма, што рост запаволіўся і таму, што прадпрыемствы працуюць на мяжы, вычарпаўшы той рэсурс, які яны маглі накіраваць на рост заробкаў», — лічыць эксперт.

Чытайце таксама: 

Колькі гадоў спатрэбіцца сярэднестатыстычнаму беларусу, каб назбіраць на кватэру

Купіць даляры па рублёвай карце ў банкамаце ці за наяўныя ў касе — што выгадней?

Ці будзе беларускі рубель слабець далей? Тлумачыць эканаміст

Глядзіце і плачце. Колькі маглі б каштаваць аўтамабілі, калі б Беларусь не ўступіла ў Мытны саюз

Nashaniva.com