У амерыканскай вайсковай акадэміі West Point адчынілі знойдзеную ў помніку Тадэвушу Касцюшку «капсулу часу». Знойдзенае здзівіла
У канцы сёлетняга мая брыгада будаўнікоў разбірала трэснуты пастамент помніка Касцюшку ў акадэміі West Point у ЗША і знайшла ўнутры скрынку. Амерыканскія навукоўцы і вайскоўцы прыйшлі да высновы, што гэта капсула часу, змешчаная туды курсантамі ў 1829 годзе.
28.08.2023 / 22:09
Вайскоўцы выклікалі археолага, які ўзяўся за вывучэнне скрынкі. Артэфакт задакументавалі і сфатаграфавалі. Некалькі тыдняў супрацоўнікі кафедры фізікі і ядзернай інжынерыі вайсковай акадэміі вывучалі капсулу з дапамогай магутнага рэнтгенаўскага апарата, але даведацца пра змесціва капсулы нічога не ўдалося, бо скрынка была свінцовая.
Таму вырашылі ўскрыць скрынку ў жывым эфіры на старонцы акадэміі ў YouTube, што сёння і зрабілі.
Удзельнікаў цырымоніі чакала расчараванне. Скрынка аказалася пустою. Нічога, апрача некалькіх асколкаў вапняку, унутры не знайшлі. Навукоўцы будуць далей вывучаць капсулу, спрабуючы знайсці схаваны змест паслання з мінуўшчыны або схаваныя надпісы.
Чытайце таксама:
У Нью-Ёрку беларусы адкрылі бюсты Тадэвушу Касцюшку і Кастусю Каліноўскаму