«Адзінае пытанне, ці сапраўды Шайгу такі тупы». Вайсковы эксперт назваў сваю версію катастрофы самалёта Прыгожына
Вайсковы эксперт Алег Жданаў выказаў сваю версію катастрофы бізнесджэта Яўгена Прыгожына з 10 чалавекамі на борце і назваў верагоднага, на яго думку, заказчыка.
29.08.2023 / 10:46
Расійскія следчыя аглядаюць частку разбітага прыватнага самалёта Прыгожына, 24 жніўня 2023 г. Фота: AP Photo / Alexander Zemlianichenko
Алег Жданаў у сваім стрыме схіляецца да версіі, што самалёт Прыгожына быў збіты СПА па змове вайскоўцаў.
Версію, што самалёт Прыгожына быў збіты ракетай «паветра-паветра» Жданаў называе малаверагоднай.
«Як правіла ракеты паветранага базавання ідуць прамым пападаннем. У ракет «паветра-паветра» выкарыстоўваецца цеплавізійная галоўка саманавядзення. Таму такая ракета патрапіла б у рухавік».
Эксперт звяртае ўвагу, што на першых фатаграфіях быў заўважны інверсійны след ад ракеты сістэмы супрацьпаветранай абароны, якая была запушчана з зямлі.
Не верыць ён і ў версію пра выбухоўку на борце.
«На сённяшні дзень па некаторых даных, нават тых, што былі апублікаваныя ў адкрытых крыніцах, можна вызначыць, што бомбы на борце не было. Па здымках відаць, што шасі цэлыя. А гавораць, што ў адсек з шасі было закладзена ўзрыўное прыстасаванне. Але там не відаць нагару.
А затое на фюзеляжы на першых здымках, якія потым вельмі хутка пачало ФСБ «вычышчаць» з інтэрнэта, крыло, якое адвалілася, усё зрашэчанае асколкамі. А гэта сведчыць аб ужыванні ракеты некантактнага дзеяння сістэмы СПА».
У пацвярджэнне сваёй версіі Жданаў згадвае, што недалёка ад месца здарэння знаходзіцца рэзідэнцыя «Валдай», якую ахоўвае сістэма СПА. Такая ж была і першая версія.
Называе Жданаў і сваю версію, хто замовіў забойства Прыгожына.
«Думаю, што гэта было зроблена ваеннымі, гэта значыць Шайгу і Герасімавым. Менавіта яны былі матываваныя. Лётчыкі былі таксама матываваныя збіць і такім чынам адпомсціць. Але гэта не той працэнт», — гаворыць ён.
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу і начальнік Генеральнага штаба Узроеных Сіл Расіі Валерый Герасімаў, снежань 2022. Фота: Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Жданаў лічыць, што мёртвы Прыгожын больш нязручны для Пуціна, чым жывы.
«Сёння шмат у якіх гарадах (дванаццаці) ставяць мемарыялы Прыгожыну. Мёртвы Прыгожын не дае спакою Пуціну. Людзі памятаюць яго марш, ведаюць яго па вайне як героя», — гаворыць Жданаў. Але пытанне, ці была санкцыя ад Пуціна вайскоўцам, эксперт пакідае адкрытым.
«Адзінае пытанне, якое застаецца адкрытым, — ці сапраўды Шайгу такі тупы і падставіў Пуціна і зрабіў гэта па ўласнай волі, ведаючы графік палётаў? Бо менавіта СПА любой краіны выдае дазвол на той ці іншы рэйс. Любы несанкцыянаваны палёт ці перахопліваецца ці збіваецца. Ці Шайгу атрымаў у Пуціна санкцыю на гэта?» — гаворыць Жданаў.
Таксама ён не забыўся на версію інсцэніроўкі.
«Застаецца яшчэ невялікі працэнт магчымасці інсцэніроўкі. Калі цела Прыгожына адразу крэміруюць пасля экспертызы ДНК, то тады гэтая версія вельмі верагодная. Калі ж цела будзе нават у закрытай труне, то вялікая верагоднасць што гэта цела Прыгожына», — мяркуе ён.
Борт Яўгена Прыгожына Embraer ERJ-135BJ Legacy 600 разбіўся ў небе над Валдаем за 50 км ад рэзідэнцыі Пуціна 23 жніўня.
Чытайце яшчэ:
СК Расіі пацвердзіў гібель Яўгена Прыгожына
Целы загінулых у авіякатастрофе бізнэс-джэта Прыгожына нельга апазнаць
Хто тыя людзі, што загінулі ў авіякатастрофе разам з Прыгожыным