Шматдзетнага бацьку затрымалі за татуіроўку з «Пагоняй» на назе па даносе суседа

Суддзя суда Полацкага раёна і г. Полацка Уладзімір Бясецкі 16 жніўня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і нібыта пікетаванне арыштаваў на 25 сутак жыхара аграгарадка Гараны, бацьку траіх непаўналетніх дзяцей Вадзіма Берднікава, піша «Віцебская Вясна». 

29.08.2023 / 14:10

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Берднікаў працуе будаўніком у маскоўскай кампаніі. А яго затрыманне адбылося пасля таго, як ягоны сусед Д. (праваабаронцы называюць яго імя і прозвішча) данёс у міліцыю, што на назе ў Берднікава ёсць татуіроўка ў выглядзе герба «Пагоня».

Пры затрыманні Берднікава было ўстаноўлена, што ў яго сапраўды на ікры правай нагі ёсць татуіроўка з выявай «Пагоні».

Суд палічыў, што мужчына парушыў Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», бо «ён у грамадскім месцы, у прысутнасці грамадзян дэманстраваў татуіроўку ў выглядзе герба «Пагоня», чым без дазволу ўладаў выказваў свае грамадска-палітычныя погляды», пішуць праваабаронцы.

Пры разглядзе справы ў судзе, таксама было ўстаноўлена, што Берднікаў у сацыяльнай сетцы «УКантакце» на сваёй старонцы, 10 снежня 2020 года размясціў і захоўваў інфармацыю, якая змяшчае лагатып «TUT.BY», які ўлады ўключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Гэтыя два факты далі падставы сцвярджаць суддзі Бясецкаму, што ў дзеяннях Берднікава ўтрымліваецца склад адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных ч. 1 арт. 24.23 і ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ. Суд вырашыў пакараць мужчыну арыштам: за пікетаванне — на 15 сутак, а за распаўсюд «экстрэмізму» — на 10 сутак.

У выніковай пастанове, шляхам складання, суд вызначыў для Берднікава спагнанне ў выглядзе арышту тэрмінам на 25 сутак.

Nashaniva.com