«Зміралася з такой недарэчнай смерцю». Мінская мадэль ледзь не загінула, катаючыся на вадзе на гідрафойле
Мінчанка захацела асвоіць навамодную дошку. У выніку яе цудам уратавалі сябры, калі яна звалілася ў ваду — валасы наматала на працуючы вінт, і дзяўчына пад вадой стала губляць прытомнасць.
29.08.2023 / 23:40
Тоня Касаткіна. Фота: сацыяльныя сеткі дзяўчыны
«Валасы закруціла на вінт, і стала зацягваць пад ваду»
Гідрафойл — гэта дошка для сёрфінгу з прымацаваным крылом і магутным электраматорам. Разганяючыся, такое прыстасаванне ўздымаецца над паверхняй вады, ствараючы ўражанне палёту.
«Выглядала ў рэкламе неймаверна эфектна, і мы вырашылі паспрабаваць», — напісала ў інстаграме жыхарка сталіцы Тоня Касаткіна перад тым, як падзяліцца, які жах перажыла падчас катання на гэтай дошцы на Мінскім моры 20 жніўня мінулага года.
Тоня занятая ў мадэльным бізнэсе. Катацца на гідрафойле яна выправілася з сяброўкай у суправаджэнні яе мужа. Ён не ўхваляў ідэі дзяўчат і ўратаваў жыццё Тоні.
Тоня піша, што супрацоўнік фірмы, якая арганізуе катанні, прачытаў інструктаж па кіраванні дошкай з маторам. Даўгія валасы, сабраныя ў пучок, перашкаджалі дзяўчыне надзець шлем. Тады яна завязала хвост. Як вынікае з аповеду дзяўчыны, інструктар не папярэджваў яе пра небяспеку ад даўгіх валасоў.
Тоня Касаткіна на гідрафойле. Фота: сацыяльныя сеткі дзяўчыны
Дзяўчына піша, што яна за нешта распісалася і прыгляду за ёй падчас катання не было.
«Ніякага шанцу на выратаванне ў выпадку чаго», — адзначыла яна.
Калі Тоня ўпала з дошкі, яе валасы закруціла на вінт і зацягнула пад ваду.
«Адзін раз я змагла ўсплыць і ўскрыкнуць», — згадвае ў допісе дзяўчына.
«Я з усіх сіл спрабавала ўсплыць, але валасы вельмі моцна наматаліся на вінт, які знаходзіўся на глыбіні аднаго метра пад вадой. Далей увесь час пад вадой я зміралася з такой недарэчнай смерцю, усплыць не атрымлівалася».
Першым на крык Тоні прыплыў на лодцы муж сяброўкі. Ён паслухаўся жонкі і ўзяў човен на пракат, каб быць напагатове ў выпадку форс-мажору.
Мужчына выцягнуў Тоню з-пад вады ў той момант, калі яна губляла прытомнасць. Разам з жонкай, якая падаспела на дапамогу, яе трымалі на паверхні. Абое не маглі дацягнуцца да тэлефонаў, каб выклікаць ратавальнікаў.
«Любы рух або апускаў мяне пад ваду, або прычыняў мне пякельны боль з-за нацягнутых валасоў», — апісвае сітуацыю Тоня.
Толькі праз 30 хвілінаў яны дачакаліся дапамогі. Інструктар нажніцамі адрэзаў валасы дзяўчыне. Калі яна апынулася на беразе, яе адразу забрала хуткая.
«Я адчувала сябе ў абсалютным шоку, не магла зразумець, як выжыла. Я шмат плакала», — апісвае свой стан па выратаванні мадэль.
Дзяўчына прабыла ў бальніцы суткі і цяпер спрабуе жыць далей.
«Кожны раз, калі бачу рэкламу гідрафойлаў, мяне проста пачынае трэсці», — адзначае Тоня. Яна дадае, што працуе з псіхолагам.
Тоня пасля выратавання. Цела ў сіняках. Фота: сацыяльныя сеткі дзяўчыны
Як вынікае з допісу, Тоня наважылася расказаць аб здарэнні, убачыўшы рэкламу арганізатараў катання на гідрафойлах. Яна з'явілася ўжо пасля інцыдэнту.
Дзяўчына перакананая, што праверка, якой занятыя МНС і Таварыства ратавання на водах, сітуацыі не памяняе.
«Магчыма, мой пост кагосьці змусіць задумацца аб уласнай бяспецы. Перастрахавацца сто разоў. Удакладніць усе нюансы», — засцерагае Тоня.
Што кажуць у фірме, дзе здавалі дошку ў пракат?
У фірме, пра якую расказала Тоня, прызнаюць, што інцыдэнт быў. Але лічаць версію дзяўчыны «крыху перабольшанай».
Там сцвярджаюць, што прычынаю інцыдэнту стала невыкананне дзяўчынай правілаў тэхнікі бяспекі. Паводле супрацоўнікаў, такое здарэнне — адзінкавы выпадак за час іх дзейнасці.
«Чалавек гэтых правілаў да канца не выконваў. Паўплываць на сітуацыю не можам і вельмі перажываем за дзяўчыну, але да гэтай сітуацыі прывяла не наша праца», — настойваюць арганізатары паслуг.
«Такі від спорту гэтакі ж экстрэмальны, як і вэйксёрфінг, скачок з парашутам або з моста», — дадаюць яны.
«Мы даем магчымасць пакатацца і адчуць палёт над вадой, таму з радасцю пакатаем і вас, як вызначыцеся», — адпісалі з фірмы журналісту «Нашай Нівы», які назваўся іх патэнцыйным кліентам.
Як удалося высветліць, пункт пракату, дзе адбыўся інцыдэнт, цяпер не працуе.
«Экстрэмальны від спорту, спалучаны з рызыкай»
Знаўцы гідрафойлаў запэўніваюць, што для авалодання базавымі навыкамі кіравання такім апаратам дастаткова 15 хвілінаў. Навічкам неабавязкова з першых заняткаў станавіцца на дошку ў поўны рост. Можна катацца спачатку на каленях.
Паводле іх, арганізатары такіх паслуг павінны выдаць кліентам шлем, гідракасцюм, выратавальную камізэльку і правесці пачатковы інструктаж па тэхніцы бяспецы. Напрыклад, папярэдзіць, што валасы трэба схаваць у гідракасцюм. А падаючы з гідрафойла, пастарацца адскочыць ад яго падалей.
«Гэтыя два моманты гарантуюць бяспечнае катанне, а яны былі парушаныя», — расказаў адзін з карыстальнікаў гідрафойла.
У Беларусі гідрафойл сталі здаваць у арэнду ў 2022 годзе. Гэта задавальненне не з танных. 30-хвілінная паездка абыходзіцца кліенту да 160 рублёў. Фірмаў, якія аказваюць такія паслугі, у Беларусі няшмат.
У некаторых папярэджваюць, што забава з гідрафойлам — экстрэмальны від спорту, таму спалучаны з рызыкай.
Глядзіце таксама:
«Самы глыбокі ўдых»: захапляльнае і трагічнае падарожжа ў свет фрыдайвінгу
Жанчына з фота пасярод Свіслачы расказала, што яна там рабіла
У Мінску можна пакатацца на sup-бордзе. Але што гэта такое? ВІДЭА
Пад Стоўбцамі прайшла закрытая рэйв-вечарынка, якая скончылася трагедыяй