«Палякі не хочуць працаваць». 34 гадзіны ў чарзе на мяжы прастаяў жыхар Баранавічаў

Якія цяпер чэргі на мяжы з Літвой і Польшчай і што адбываецца на памежных пераходах на фоне гутарак аб магчымым закрыцці межаў з Беларуссю з боку сумежных дзяржаў, даведаўся BAR24.

30.08.2023 / 15:18

Чарга на мяжы Беларусі і Польшчы. Фота: сацсеткі

Паводле слоў суразмоўцаў выдання, якія выязджалі ў апошнія дні за межы краіны, самыя вялікія чэргі на мяжы назіраюцца ў пункце пропуску Брэст — Цярэспаль. Цяпер гэта адзіны дзейны памежны пераход на мяжы з Польшчай.

Нават тыя, хто ехаў у Польшчу на грамадскім транспарце, былі вымушаныя гадзінамі чакаць сваёй чаргі на дагляд.

— Ехалі на аўтобусе. У 3 гадзіны ночы сталі ў чаргу, у 10 раніцы заехалі да беларусаў. З польскай мяжой атрымалася 14 гадзін. Вельмі павольна працуе польскі бок на ўезд. Напэўна, проста далі каманду не працаваць. Бо тыдзень таму яны ўсё рабілі нашмат хутчэй. І не было такіх чэргаў, — распавяла BAR24 гараджанка, якая перасякала беларуска-польскую мяжу на аўтобусе 29 жніўня.

Тыя ж, хто ехаў у Польшчу на аўтамабілях, наогул ставілі асабістыя рэкорды. Паводле слоў жыхара Баранавічаў, які перасякаў мяжу 29 жніўня на машыне, у чарзе ён прастаяў 34 гадзіны!

— Гэта рэкорд. Палякі не хочуць працаваць ад слова «зусім». Да таго ж, 70% усяго транспартнага патоку адпраўляюць на дагляд і рэнтген, — кажа мужчына.

Гараджане распавядаюць не толькі пра марудлівасць у працы польскіх памежных службаў, але і пра павышаную ўвагу з іх боку.

— Задавалі вельмі шмат пытанняў пра прычыны паездкі. Куды едзем, навошта, чаму так часта ездзім і як доўга будзем. Што робім на працы, як называецца фірма, дзе яна знаходзіцца. Такія пытанні заўсёды задаюць тым, у каго ёсць працоўныя візы. Але не так падрабязна распытваюць, як было цяпер, — распавяла гараджанка, якая ехала ў Польшчу на працу.

Чэргі на мяжы з Літвой: 10 гадзін — «гэта яшчэ хутка»

Ненашмат лепшая сітуацыя з чэргамі і на беларуска-літоўскай мяжы. Паводле слоў жанчыны, якая ехала ў Літву 27 жніўня на машыне праз пункт пропуску Беняконі, праходжанне дзвюх межаў у яе заняло блізу 10 гадзін.

— І гэта яшчэ хутка. Знаёмы на Катлоўцы прастаяў больш за суткі. Пры такой жа чарзе, — адзначыла дзяўчына.

Стоячы ў чэргах, беларусы нярэдка абмяркоўваюць паміж сабой магчымае поўнае закрыццё межаў з Польшчай і Літвой. Тым больш, што апошнім часам гэтыя тэма не выходзіць з навінавага парадку дня. Паводле слоў адных гараджан, «большасць лічыць, што ніхто яе не закрые».

Іншыя ж кажуць, што гэтае пытанне ў многіх беларусаў выклікае непакой.

— Людзі перажываюць, што ў многіх семʼі, дзеці, бацькі, сябры апынуцца па розныя бакі межаў. І ніхто не хоча, каб гэта адбылося, — рэзюмавала адна з суразмоўніц.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта Беларусі, станам на 12:00 30 жніўня самыя вялікія чэргі на мяжы назіраліся ў пункце пропуску Брэст. На выезд з краіны стаяла больш за 250 легкавых аўтамабіляў і 28 аўтобусаў. На другім месцы па загружанасці — пункт пропуску Беняконі. Там сваёй чаргі на выезд чакалі больш за 70 легкавых і 140 грузавых машын.

Чытайце таксама:

«Адстаю за вас». За колькі прадаюць месца ў чарзе на мяжы з Літвой і Польшчай

Прэм'ерка Літвы паабяцала не закрываць двух новых пераходаў на мяжы з Беларуссю

Наўседа заклікаў не ператвараць закрыццё памежных пераходаў з Беларуссю ў спорт

Праз мяжу на ровары. Наколькі гэта можа сэканоміць час

Nashaniva.com