«Без іх рашэння не возьмуць нават у санітаркі». У бальніцах цяпер ёсць свае ідэолагі
Тэлеграм-канал «Белыя халаты» паведаміў, што ў лячэбных установах цяпер ёсць намеснікі галоўнага доктара па ідэалогіі. «Наша Ніва» высветліла некаторыя дэталі.
31.08.2023 / 21:49
Ідэалагічнае выхаванне медыкаў у дзеянні. Ілюстрацыйнае фота: grsmu.by
Як пішуць «Белыя халаты», у задачы ідэолагаў уваходзяць гутаркі з работнікамі медыцынскіх устаноў, а таксама стварэнне і адміністраванне «сацсетак ідэалагічна правільнай скіраванасці».
Па словах саміх медыкаў, адказных за «ідэалагічна правільнае выхаванне кадраў» пачалі прызначаць яшчэ ў канцы мінулага года.
Галоўнай на той момант іх задачай была зачыстка ўстаноў аховы здароўя ад дактароў, нелаяльных да рэжыму Лукашэнкі.
Пад увагу найперш трапілі ўдзельнікі пратэстаў 2020 года. З сілавых структур кіраўніцтву бальніц паступалі спісы супрацоўнікаў, заўважаных на маршах і акцыях салідарнасці. Непажаданымі былі лекары, якія ў калектыве выказвалі думкі аб кепскім стане беларускай медыцыны.
Ад іх спачатку патрабавалі напісаць тлумачэнне, а затым ідэолагі прапаноўвалі звольніцца па згодзе бакоў. Пагражалі праблемамі, калі тыя ўпарціліся.
«Гэты супрацоўнік перыядычна выклікае да сябе супрацоўнікаў і правярае іх тэлефоны. У яго ў бальніцы ёсць свае інфарматары. Без яго рашэння не могуць узяць на працу нават санітарку», — расказала доктарка адной з бальніц Віцебскай вобласці аб працы ідэолага.
Журналіст «Нашай Нівы» паспрабаваў запісацца на прыём да «намесніка галоўнага доктара па ідэалогіі».
У трох бальніцах патлумачылі, што пытаннямі ідэалогіі займаецца «намеснік галоўнага доктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце з сумяшчэннем ідэолага». Ён сустракаецца з медыкамі, збірае інфармацыю пра сітуацыю ў калектыве і арганізоўвае ідэалагічныя мерапрыемствы.
У яшчэ адной лякарні за ідэалогію паставілі адказваць намесніка галоўнага доктара па медыцынскай частцы, грамадзянскай абароне і мабілізацыйнай рабоце.
У двух бальніцах параілі пагутарыць пра ідэалогію з намеснікамі галоўнага доктара па бяспецы, рэжыму і кадрах.
У структуры медыцынскіх устаноў яны кантралююць аддзелы кадраў, юрыстаў, сектар аўтаматызаваных сістэм. На сайтах прагледжаных намі лякарняў фотаздымкі такіх супрацоўнікаў адсутнічаюць. Не пазначаныя і іхнія службовыя абавязкі.
Так выглядае адказны за выхаванне ідэалагічна правільнага медычнага калектыву. Фота: 2gkb.by
Яшчэ ў дзвюх лякарнях заявілі, што за пытанні ідэалогіі адказвае асабіста галоўны доктар.
Паводле тэлеграм-канала «Белыя халаты», пасаду намесніка па кадрах у бальніцах увялі ў 2021 годзе. Яе звычайна займаюць асобы, якія не маюць дачынення да медыцынскай галіны.
«Калі на прадпрыемствах ёсць ідэолагі, то чаму іх не мусіць быць у іншых дзяржаўных арганізацыях? Бальніцы не выключэнне. Яны дзяржаўныя. За нас вырашаюць, якія пасады ўводзіць у штатны расклад», — сказаў прадстаўнік адміністрацыі адной з лякарняў.
Паводле яго, адказныя за ідэалогію — не публічныя работнікі, таму пра іх і няма звестак. Суразмоўца не захацеў гаварыць, як ідэолагі выправяць сітуацыю з недахопам кадраў у медычных установах.
Згодна з нацыянальным банкам вакансій, медычным установам краіны патрабуецца 6467 дактароў-спецыялістаў, 4122 медсястры, 2284 санітары.
Глядзіце таксама: