На італьянскай Сіцыліі беларус пабіўся з паліцыянтамі на чыгунцы
На востраве Сіцылія ў Італіі затрымалі 23-гадовага беларуса, які спачатку затрымліваў адыход цягніка, а затым адмовіўся яго пакідаць і аказаў супраціў чыгуначнікам і вартавым парадку. Пра гэта паведамляе сайт «Беларусь і свет» на падставе інфармацыі мясцовай паліцыі.
31.08.2023 / 22:26
Чыгуначная паліцыя Італіі. Фота: poliziadistato.it
Наш суайчыннік, выпраўляючыся ў дарогу на станцыі ў горадзе Катанія, спачатку перашкаджаў адпраўленню цягніка, стаўшы паміж дзвярыма, каб дачакацца прыбыцця іншага пасажыра. Гэтым ён затрымаў састаў прыкладна на 17 хвілін, а сунялі яго толькі мясцовыя праваахоўнікі.
Пазней, прыехаўшы на канцавую станцыю ў горадзе Месіна, мужчына з незразумелых прычын адмовіўся выходзіць з вагона, нягледзячы на ўгаворы членаў цягніковай брыгады. Сярод іншага ён не згаджаўся паведамляць свае асабістыя звесткі, пагражаў і моцна ўдарыў па руцэ начальніка цягніка.
Паліцэйскі патруль, прыбыўшы на месца, устанавіў асобу пасажыра, хоць той і ў такіх абставінах не хацеў назвацца, працягваючы паводзіць сябе агрэсіўна. Затым беларуса затрымалі: гэта было цяжка, бо ў працэсе чацвёра праваахоўнікаў атрымалі траўмы.
Пры ператрусе ў мужчыны знайшлі амаль тры грамы марыхуаны. Судовыя органы пакуль ужылі ў дачыненні да яго меру абавязковай штодзённай яўкі ў паліцэйскі пастарунак.
Чытайце таксама:
«Я ўпэўнены на 99,99%». У Італіі знайшлі пахаванне брата Ларысы Геніюш, які загінуў пад Монтэ-Касіна
Затрымалі беларуску, якая прыляцела ў Мінск з Італіі да сваякоў