Міністр інфармацыі параўнаў першакурснікаў журфака з баявымі штыкамі

Уладзімір Пярцоў правёў сёння сустрэчу з першакурснікамі факультэта журналістыкі БДУ.

01.09.2023 / 10:38

Фота: БелТА

«Калі вы выбралі прафесію журналіста, то зрабілі гэта свядома. Вы разумееце, пра што гэтая прафесія, што яна ў сябе ўключае, разумееце ступень адказнасці не толькі перад чытачом, гледачом, слухачом, але і ступень адказнасці як грамадзяніна. Бо прафесія журналіста архіважная», — цытуе міністра БелТА.

Ён упэўнены, што сёння супраць афіцыйнага Мінска развязана сапраўдная інфармацыйная вайна.

«У гэтых інфармацыйных войнах вы становіцеся не проста творчымі людзьмі, не проста журналістамі, не проста медыяменеджарамі, а па вялікім рахунку — салдатамі. Бо вы — нашы будучыя і сапраўдныя баявыя штыкі, — адзначыў міністр. — Вы журналісты і медыяменеджары цалкам новай эпохі».

***

Нагадаем, што сёлета не было набору на платнае аддзяленне журфака, а на факультэце будуць выкладаць прапагандысты Вольга Шпілеўская, Ігар Тур, Кацярына Круталевіч.

За тры гады, што прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў, фактычна закрыты амаль усе незалежныя медыя, за кратамі знаходзіцца 33 прадстаўнікі медыя, прычым некаторыя асуджаныя на гіганцкія тэрміны, напрыклад, Ігар Лосік (15 гадоў), Андрэй Аляксандраў (14 гадоў), Марына Золатава (12 гадоў), Людміла Чэкіна (12 гадоў).

Nashaniva.com