У Гдыні беларусы стралялі па машыне. Ім не спадабалася, што яна іх абагнала

Паліцыя Сопата затрымала дваіх беларусаў, якія падазраюцца ў стральбе па машыне, якая іх абагнала. За такое злачынства пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пра інцыдэнт са спасылкай на Radio Gdańsk піша Most.

01.09.2023 / 18:36

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Klaudia Radecka/NurPhoto via Getty Images

Увечары аўторка, 29 жніўня, мясцовая паліцыя атрымала паведамленне ад кіроўцы аднаго з аўтамабіляў, што па ім была адкрытая стральба.

Патруль спыніў Audi, на якую паказаў пацярпелы. У машыне апынуліся грамадзяне Беларусі, якія пражываюць у Гдыні: 29-гадовы кіроўца і 22-гадовы пасажыр. У аўтамабілі паліцыянты знайшлі пнеўматычную зброю.

Аказалася, што Ford і Audi ехалі па Гдыні ў адным кірунку. У нейкі момант кіроўца Ford пайшоў на абгон. Затым кіроўца Audi наблізіўся да Ford, падміргнуў яму фарамі і абагнаў. А потым знізіў хуткасць і спецыяльна працягваў ехаць павольна.

Тады Ford зноў абагнаў Audi, але беларускі кіроўца зноў выбіўся наперад і пачаў ездзіць зігзагамі, беспадстаўна тармазіць, а затым паспрабаваў выцесніць Ford з дарогі. Пасля гэтага на адным са скрыжаванняў пасажыр Audi высунуўся з акна і двойчы стрэліў у дзверы Ford з пнеўматычнай зброі.

У гэты момант кіроўца Ford патэлефанаваў па нумары экстраннай дапамогі. Высветлілася, што пасажыр Audi, які страляў, добра вядомы паліцыянтам Сопата. У траўні гэтага года яго ўжо затрымлівалі супрацоўнікі дарожнай паліцыі за парушэнне судовай забароны на кіраванне аўтамабіля; тады ў яго сліне выявілі амфетамін. Акрамя таго, аказалася, што яго шукае пракуратура Катавіцаў.

У выніку пасажыру выставілі абвінавачванне ў псаванні аўтамабіля Ford, шкода ацэненая ў 3 тыс. злотых. 29-гадовага кіроўцу абвінавачваюць у стварэнні пагрозы бяспецы дарожнага руху і небяспекі для кіроўцы Ford.

Чытайце таксама:

У Лодзі агенцтва працаўладкоўвала беларусаў, але фіктыўна

Жанчына спрабавала вывезці з Беларусі ў Польшчу 60 тысяч даляраў, не дэкларуючы іх. Грошы канфіскавалі і выпісалі ёй штраф

Група невядомых збіла беларуса ў цэнтры Беластока

Nashaniva.com