У Балтыйскім моры ўпершыню правядуць маштабныя вучэнні па адбіцці нападаў Расіі

«Мы пасылаем Расіі выразны сігнал аб пільнасці: не падчас нашай вахты. Надзейнае стрымліванне павінна ўключаць у сябе здольнасць атакаваць», — сказаў камандуючы ВМС Нямеччыны Ян Крысціян Каак.

02.09.2023 / 08:23

Фота: фэйсбук НАТА

Буйныя ваенна-марскія вучэнні, якія пачнуцца 9 верасня ў Балтыйскім моры з удзелам каля 30 караблёў і больш як 3000 заходніх вайскоўцаў, упершыню адпрацуюць адбіццё расійскай атакі ў рэгіёне.

«Мы пасылаем Расіі выразны сігнал аб пільнасці: не падчас нашай вахты. Надзейнае стрымліванне павінна ўключаць у сябе здольнасць атакаваць», — сказаў камандуючы ВМС Нямеччыны Ян Крысціян Каак.

Навучанне будзе доўжыцца два тыдні. У іх плячо ў плячо будуць трэніравацца войскі ўсіх краін НАТА на Балтыйскім моры, а таксама Швецыі, якая неўзабаве стане членам Альянсу, і небалтыйскіх саюзнікаў — ЗША, Канады, Нідэрландаў, Бельгіі і Францыі. Яны будуць адпрацоўваць дэсантныя аперацыі і ўдары з мора па сушы.

Па словах Каака, ВМС ЗША адправяць на вучэнні карабель «Меса Вердэ» даўжынёй больш за 200 метраў, прызначаны для транспарціроўкі і дэсантавання каля 800 марскіх пехацінцаў.

Падчас вучэнняў таксама адпрацуюць абарону марскіх шляхоў праз Балтыйскае мора.

«Фінляндыя і краіны Балтыі амаль на 100% залежаць ад марскіх шляхоў забеспячэння праз Балтыйскае мора. Калі Сувалкскі калідор будзе заблакаваны — а гэта можна зрабіць лёгка, паколькі ёсць толькі дзве аўтамабільныя дарогі і адна чыгуначная лінія — тады нам застануцца толькі марскія шляхі, і менавіта праз іх нам давядзецца пракладваць сабе дарогу», — сказаў Каак.

Паведамляецца, што гэта будуць першыя вучэнні такога маштабу, якімі нямецкі флот будзе кіраваць са сваёй новай марской штаб-кватэры ў горадзе Ростак.

Чытайце таксама:

Кіраўнік МЗС Польшчы: Вывад вагнераўцаў з Беларусі не паўплывае на сітуацыю на мяжы

Беларусь правядзе комплексныя вайсковыя вучэнні ў канцы верасня

Хрэнін: Польшча не адказала на запрашэнне на вайсковыя вучэнні

Nashaniva.com