Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам «За мужнасць» яшчэ аднаго загінулага беларускага добраахвотніка

30-гадовы Зміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 году падчас баёў у Луганскай вобласці.

04.09.2023 / 10:56

Зміцер Рубашэўскі

Фонд «Вольная Беларусь», зарэгістраваны ў Львове, паведаміў, што яшчэ аднаго беларускага добраахвотніка, які загінуў ва Украіне, пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам «За мужнасць» трэцяй ступені, піша Радыё Свабода.

«Атрымалі адказ на пададзены намі зварот аб узнагароджанні званнем Героя Украіны (пасмяротна) беларускага добраахвотніка Змітра Рубашэўскага, пазыўны «Ганс«. Указам прэзідэнта Украіны ад 30 чэрвеня 2022 году жаўнер Рубашэўскі Зміцер адзначаны дзяржаўнай узнагародай Украіны — ордэнам «За мужнасць» трэцяй ступені», — адзначаецца ў паведамленні фонду.

30-гадовы Зміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 году падчас баёў у Луганскай вобласці. Быў у складзе ротнай тактычнай групы, якая рабіла вылазкі ў тыл праціўніка. Перад смерцю «Ганс» зьнішчыў камандзіра расейскай групы.

Рубашэўскі родам з Берасця. Вучыўся ў будаўнічай вучэльні. Ваяваў з 2015 году. Прыехаў у Львоў на футбольны матч зборных Беларусі і Ўкраіны, так і застаўся.

Ваяваў у шэрагах «Правага сектару». За абарону шахты Бутаўка меў грамадскую ўзнагароду «Народны герой Украіны». Рубашэўскі меў некалькі раненняў. У 2019 годзе ў баях страціў вока. Пасля ранення яго даглядала сястра загінулага пабраціма. У хуткім часе яны пабраліся шлюбам, нарадзілі дачку.

Жыў у Львоўскай вобласці. Пазыўны «Ганс» меў праз нямецкі шалом часоў Другой сусьветнай вайны. Апошнім часам служыў у складзе 24-й асобнай механізаванай брыгады князя Данілы Галіцкага.

Раней стала вядома, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сваім указам ад 10 траўня 2023 году ўзнагародзіў ордэнамі «За мужнасць» трэцяй ступені беларускіх добраахвотнікаў — Эдуарда Лобава і Данііла Ляшука.

У красавіку 2022 году званне Героя Украіны пасмяротна прысвоілі беларускаму добраахвотніку Аляксею Скоблі, які загінуў 13 сакавіка 2022 году, прыкрываючы адыход сваіх байцоў пад Кіевам. Яго пахавалі ў Кіеве.

Чытайце таксама:

Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам «За мужнасць» беларуса Эдуарда Лобава, які загінуў ва Украіне, ратуючы камандзіра

Ордэнам «За мужнасць» украінцы ўзнагародзілі яшчэ аднаго беларуса — Данііла Ляшука

«Прыгнёт з моцных нараджае волатаў». Ціханоўская ўручыла ў Варшаве ўзнагароды

Nashaniva.com