Музыканту, які праспяваў адзін з хітоў «Шрэка», засталося жыць сем дзён

Сур'ёзная хвароба прыгаварыла лідара рок-гурта Smash Mouth да смерці.

04.09.2023 / 13:38

Стыў Харвэл. Фота: Tim Mosenfelder / Getty Images

Франтмену і аднаму з заснавальнікаў амерыканскага гурта Smash Mouth Стыву Харвэлу засталося жыць усяго некалькі дзён. Усяму віной сур'ёзнае захворванне ў музыкі, піша выданне Entertainment Weekly.

Паводле інфармацыі выдання, 56-гадовы артыст знаходзіцца на апошняй стадыі хваробы, звязанай з пячоначнай недастатковасцю. Праз захворванне Харвэлу засталося жыць «тыдзень або каля таго».

Крыху раней рокера выпісалі з бальніцы, цяпер ён знаходзіцца дома сярод блізкіх і сяброў, якія плануюць развітацца з ім цягам найбліжэйшых трох дзён.

Дзесяць гадоў таму Харвэлу дыягнаставалі кардыяміяпатыю — захворванне, пры якім сэрца не спраўляецца з перапампоўваннем крыві. З-за хваробы ў музыканта развілася сардэчная недастатковасць, а таксама энцэфалапатыя Верніке, якая негатыўна адбілася на яго памяці і маўленні.

Акрамя таго, артыст доўгі час змагаўся з алкагольнай залежнасцю. У 2021 годзе Харвэл пакінуў групу Smash Mouth. Гэта адбылося пасля канцэрта ў Нью-Ёрку, на якім выканаўца не змог выразна выказацца на сцэне і абмацюкаў гледачоў. Імаверна, такія паводзіны былі звязаныя з чарговым прыступам праз праблемы са здароўем.

Чытайце таксама:

Памёр музыка Джымі Бафет

Памёр бізнэсовец Махамед Аль-Фаед. Ягоны сын разбіўся ў аўтакатастрофе разам з прынцэсай Дыянай

Памёр італьянскі спявак Тота Кутуньё

Nashaniva.com