У Тэатры імя Янкі Купалы з беларускага рэпертуару засталася адна «Паўлінка». Большасць спектакляў у верасні пройдзе на рускай мове
104-ы сезон Купалаўскага тэатра, які ў 2020 годзе пакінула большасць акцёраў, а кіраўніцай пастаўлена актрыса другога плана Вольга Няфёдава, распачаўся 29 жніўня спектаклем «Паўлінка» Янкі Купалы, у верасні яго пакажуць яшчэ адзін раз. Гэта адзіная пастаноўка паводле твораў беларускіх аўтараў, якая плануецца ў гэтым месяцы.
10.09.2023 / 18:52
«Паўлінка» паводле Янкі Купалы. Фота: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы
Адзін раз пакажуць такія беларускамоўныя спектаклі паводле твораў замежных аўтараў, як «Апошні атракцыён» Д. Ліндсі-Эбэра, «Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра, Donna sola («Жанчына адна)» Д. Фо і Ф. Рамэ, «Чакана гучна і да болю блізка» М. Паніча, а таксама паводле твораў рускіх пісьменнікаў — «Гарачае сэрца» А. Астроўскага, «Жаніцьба» М. Гогаля.
Увесь астатні час у сценах нацыянальнага тэатра будзе панаваць руская мова. З гастролямі ў Мінск запрошаны Казанскі акадэмічны рускі вялікі драматычны тэатр імя В. І. Качалава, які адкрые тут свой 233 сезон.
«Перамовы вяліся на працягу года. Артысты з Казані пакажуць свой выдатны класічны рэпертуар, у які ўваходзяць «Рэвізор», «Вар'яцкі дзень, або Жаніцьба Фігара», «Пікавая дама» і іншыя пастаноўкі», — паведамляе Няфёдава.
Афіша Купалаўскага тэатра на верасень.
Усяго за верасень у Купалаўскім тэатры будзе паказана аж 15 спектакляў на рускай мове.
Цікава, што адзін факт усё ж звязвае гэты рускі тэатр з Беларуссю. У 1948 годзе тэатру было прысвоена імя знакамітага акцёра Васіля Іванавіча Качалава, які пачынаў тут свой прафесійны шлях у 1897—1900 гадах, сыграўшы за тры сезоны больш як 150 роляў. Але сапраўднае прозвішча акцёра было Шверубовіч. Ён нарадзіўся ў Вільні ў сям’і беларускага праваслаўнага святара мясцовай Мікольскай царквы Івана Шверубовіча, нашчадка старога шляхецкага роду.
Васіль Качалаў у п'есе Л. Андрэева «Анатэма». Малюнак Казіміра Малевіча, 1908 г.
Навучаўся ў 1-й Віленскай гімназіі разам з будучым беларуска-літоўскім кампазітарам Канстанцінам Галкоўскім і рэвалюцыянерам Феліксам Дзяржынскім. Як адзначаюць крыніцы, ажно да пераезду ў Піцер ён размаўляў па-руску з выразным беларускім акцэнтам.
Расійскі пісьменнік і нобелеўскі лаўрэат Іван Бунін у «Чыстым панядзелку», выпраўляючы герояў аповеду на «капуснік» у МХТ і сутыкаючы іх з зоркай — Качалавым, маляваў артыста з «пасмай ягоных беларускіх валасоў», якія звісалі на лоб.
Дом па Вялікай вуліцы, 14 (злева) у Вільні. Фота: Wikimapia
Імем беларуса названа віленская гімназія, а на доме ў Вільні па Вялікай вуліцы, 14 (Didžioji gatvė, 14), недалёка ад Мікольскай царквы, дзе ён правёў свае дзіцячыя гады, за савецкім часам была ўстаноўлена мармуровая памятная шыльда з надпісамі па-літоўску і па-руску.
Шыльда ў гонар Васіля Качалава ў Вільні. Фота: Wikimedia Commons
Трупа ж Тэатра імя Янкі Купалы з сярэдзіны верасня паедзе ў гастролі па гарадах Беларусі, наведае Смалявічы, Касцюковічы, Оршу ды Брэст. А ў канцы кастрычніка Няфёдава мае паставіць «Паўлінку» ўжо на сцэне рускага тэатра расійскай аўтаноміі.
Чытайце таксама:
У адным з мінскіх тэатраў працуе акцёр з Камеруна
Купалаўскі тэатр павінен ставіць больш «патрыятычных» спектакляў — Мінкульт
Алесь Жук: Беларускіх пісьменнікаў і ўсю нашу літаратуру будуць трымаць у чорным целе