Наўседа: Поўнае закрыццё межаў губляе актуальнасць

Сітуацыя з вагнераўцамі ў Беларусі стабілізуецца.

05.09.2023 / 08:31

Гітанас Наўседа разам з кіраўніком Службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамасам Любаевасам. Фота: VSAT

Прэзідэнт Гітанас Наўседа кажа, што пытанне аб поўным закрыцці дзяржаўнай мяжы Літвы з Беларуссю губляе актуальнасць, бо ў суседняй краіне сітуацыя з групай «Вагнер» стабілізуецца, паведамляе BNS.

«Гэта сітуацыя была некалькіх тыдняў таму, калі было відавочна, што пагрозы перасялення групоўкі «Вагнер» у Беларусь ужо рэальна пачалі ажыццяўляцца, і калі з'явілася інфармацыя аб тым, што частка войскаў групоўкі «Вагнер» ужо знаходзіцца на палігоне Гожа, гэта значыць у непасрэднай блізкасці ад літоўска-польскай мяжы, — сказаў Г. Наўседа.

Прэзідэнт Літвы сцвярджае, што сітуацыя з бяспекай пасля гэтых падзей не пагоршылася, а пасля гібелі Яўгена Прыгожына ў камандаванні назіраецца збой.

«Сёння ў мяне няма канкрэтнай інфармацыі пра тое, што найміты групы «Вагнер» знаходзяцца на нашай мяжы і спрабуюць дэстабілізаваць сітуацыю. Польскі бок наўрад ці мог бы дадаткова нешта сказаць», — сказаў прэзідэнт Літвы.

Паводле яго слоў, дзеянні краін рэгіёна павінны быць адэкватнымі сітуацыі.

«Калі сітуацыя ўскладняецца, мы дзейнічаем у адным кірунку. Калі сітуацыя застаецца такой жа, як цяпер, ці нават стабілізуецца, мы павінны дзейнічаць інакш. Ніхто не хоча зноў закрываць межы са спартыўных інтарэсаў», — сказаў Г. Наўседа.

«Я думаю, што можна так сказаць», — дадаў ён, калі яго спыталі, ці губляе актуальнасць пытанне аб закрыцці межаў.

Чытайце таксама:

Лукашэнка заявіў, што гатовы да аднаўлення добрых адносін з суседзямі, і назваў свой першы крок

Наўседа наведаў літоўска-беларускую мяжу: «сітуацыя з непрадказальным суседам застаецца напружанай»

Наўседа не стаў уносіць у Сейм праўкі аб уніфікацыі правоў беларусаў і расіянаў

Nashaniva.com