«Яго просіць народ». «Беларусьфільм» здыме кіно пра падзеі 2020 года
«Мы ўсё гэта бачылі, і нам трэба пакінуць…» — сказаў гендырэктар «Беларусьфільма» Юрый Аляксей.
05.09.2023 / 09:17
Юрый Аляксей. Скрыншот відэа
«Беларусьфільм» здымае кіно пра падзеі 2020 года, заявіў падчас ток-шоу «Па сутнасці» на СТБ гендырэктар «Беларусьфільма» Юрый Аляксей.
«Жнівень 2020 года. Нашы ворагі-экстрэмісты пра гэты час здымаюць сваё кіно, дзе трактуюць тое, што адбываецца, так, як бачаць гэта яны. І мы разумеем, што грошай у іх больш. Як нам зняць кіно такое, каб расказаць пра тое, як гэта было насамрэч», — задаўся пытаннем галоўны рэдактар «Мінскага кур'ера» Кірыла Казакоў.
Юрый Аляксей адказаў, што ён цудоўна памятае 16 жніўня 2020 года, калі Лукашэнка выступаў на плошчы Незалежнасці.
«Я памятаю, 16 жніўня мы прыехалі ў Мінск з Гродна (Юрый Аляксей быў тады дырэктарам Гроднааблкінавідэапраката. — «НН») на аўтобусах падтрымаць кіраўніка дзяржавы, падтрымаць нашу сталіцу. Мы ўзялі ўдзел у гэтым гістарычным мітынгу. Таму для нас гэта, можа быць, я выказваюся, не проста ў інтэрнэце было паглядзець … мы бачылі гэта на свае вочы, мы чулі словы нашага прэзідэнта», — падзяліўся ўспамінамі чыноўнік.
Ён расказаў, што цяпер вядзецца праца: «У нас ёсць шэраг, як той казаў, прапаноў. У нас ёсць свае задумкі, цяпер яно ў такой канве прапрацоўваецца. … Яго трэба чакаць, бо яго просіць народ. Мы ўсё гэта бачылі, і нам трэба пакінуць…»
Юрый Аляксей упэўнены, што фільм будзе.
«Карыстаючыся выпадкам, гатовы стварыць працоўную групу з маладых людзей і больш старэйшых людзей. Хацеў бы запрасіць у гэтую працоўную групу спецыялістаў, думаю, нас сёння глядзяць. Мы адкрытыя да супрацоўніцтва. Ведаеце, я ўпэўнены, што атрымаецца. Мы пачнём зусім хутка здымаць. Цяпер прапрацоўваем канву, затым — сцэнар. У наступным годзе ён будзе ўжо ў працы», — заключыў кіраўнік «Беларусьфільма».