Блакаванне SIM-карты, рахункаў, немагчымасць прадаць ці купіць жытло. Як КДБ зрабіў невыносным жыццё фігурантаў «спісу тэрарыстаў»

Беларускі КДБ мае права ўключаць людзей у «пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Цяпер у спісе 1094 чалавекі, з іх 344 — беларусы. Большасць унесеных у спіс беларусаў знаходзяцца ў няволі. Але некаторыя ўжо адбылі пакаранне. Тыя, хто за кратамі, абмежаваныя ў грашовых пераводах. Ім нельга паслаць сродкі на рахунак, бо іх ці не прымуць, ці заблакуюць. Тыя ж, хто на волі, таксама паспелі спазнаць наступствы ўключэння ў «пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», піша «Радыё Свабода».

05.09.2023 / 11:42

Увага міліцыі і складанасці з пошукам працы

Мацвей (імя героя змененае з меркаванняў бяспекі. — РС) адбыў пакаранне паводле «палітычнага» артыкулу. Ён кажа, што шчыра здзівіўся, калі даведаўся пра свой статус «тэрарыста». Бо, па версіі следства і суду, ён вінаваты толькі ў масавых беспарадках.

Па вызваленні з калоніі Мацвей сутыкнуўся з шэрагам абмежаванняў. Апроч пільнай увагі з боку міліцыі і ўліку, ён не мог уладкавацца на працу.

Кажа, што патэнцыйныя працадаўцы нават не хацелі звязвацца з ім. Не мог таксама адкрыць банкаўскі рахунак, папоўніць баланс мабільнага тэлефона, зрабіць страхоўку.

«Я купіў SIM-карту. Але толкам не паспеў пакарыстацца ёй. Бо паклаў грошы на тэлефон — і іх заблакавалі. Хацеў, каб хоць вярнулі грошы. Пайшоў у салон сувязі, але калі там пачалі разбірацца і ўбачылі маё прозвішча, то ледзь прытомнасці аператар не страціў, так спалохаўся. Непрыемна, мякка кажучы», — зазначыў Мацвей.

Суразмоўца планаваў адкрыць банкаўскі рахунак, але яго папярэдзілі, што ён не зможа карыстацца грашамі, рабіць безнаяўныя аплаты, таму ў выніку Мацвей нават не пайшоў у банк. Былога палітвязня таксама папярэдзілі, што ён не можа ані прадаць маёмасць, ані купіць. «Мне не было там жыцця аніяк, таму давялося пакінуць краіну», — дадаў беларус.

«Мне як «тэрарыстцы« прапануюць толькі рабскую працу»

Алеся (імя змененае з меркаванняў бяспекі. — РС) трапіла ў «спіс тэрарыстаў» за каментары ў інтэрнэце. Іх расцанілі як «распальванне варожасці». Для жанчыны такі статус таксама быў вельмі нечаканым. Пасля адбыцця пакарання Алеся сутыкнулася з немагчымасцю знайсці працу.

«Бо, напрыклад, на дзяржаўную працу ці ў школу, у выдавецкую дзейнасць «тэрарыстам« нельга. Тым часам міліцыя прымушала мяне ўладкавацца. Але куды?

Біржа працы знайшла мне «вакансію«! Там за 12 гадзін на дзень па зменах я атрымала за месяц каля 300 рублёў», — падзялілася суразмоўца.

Жанчына зазначыла, што ўся маёмасць, якой яна валодала да зняволення, цяпер, па сутнасці, не належыць ёй.

«Бо я не маю права нічым распараджацца. Банкаўскія рахункі і грошы на іх заблакавалі. Ды нават элементарныя аперацыі па банкаўскіх рахунках я не магу рабіць. Нават не магу аплаціць камунальныя ці падаткі. Даводзіцца кожны раз прыдумляць, як абысці гэтыя «неспадзяванкі». Мабільную сувязь я таксама не магу аплаціць», — канстатуе Алеся.

Яна паехала ў іншую краіну на заробкі. «Бо там я маю тэлефон, банкаўскую картку, магчымасць працаваць», — дадала Алеся. 

Хто трапляе ў «спіс тэрарыстаў»

31 жніўня стала вядома, што ў спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» дадалі 14 прозвішчаў, у тым ліку Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну. Валерыя Касцюгова — заснавальніца сайту экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Тацяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa. Абедзвюм прысудзілі па 10 гадоў турмы. Цяпер у спісе 1094 чалавекі, з іх 344 беларусы. 

Да падзей 2020 году ў спісе тэрарыстаў былі толькі замежныя грамадзяне з Малі, Ірану, Інданэзіі, Аўганістану, Уганды, іншых краін Афрыкі, а таксама грамадзяне Расеі і Грузіі. Першымі «айчыннымі тэрарыстамі» у спісе сталі ў лістападзе 2020 году заснавальнік Nexta Сцяпан Пуціла і блогер Раман Пратасевіч. 

Увесну 2021-га КДБ прызначыў «тэрарыстамі» дэмакратычную лідарку Святлану Ціханоўскую, блогера Антона Матольку, прадстаўнікоў ініцыятывы ByPol, анархістаў і журналістаў. Прычым часам зроблена гэта было яшчэ да вочных і завочных судоў над імі. «Тэрарыстамі» сталі «рэйкавыя партызаны», прадстаўнікі розных пратэставых рухаў і ініцыятыў. 

Да «тэрарыстаў» прымяняюцца фінансавыя абмежаванні — забарона на дзяржаўную рэгістрацыю маёмасці, аперацыі па банкаўскіх рахунках, натарыяльныя дзеянні, якія адносяцца да фінансавых аперацый і іншае. 

Трапіць у спіс можна як на падставе прысуду, так і па рашэнні старшыні КДБ ці яго намеснікаў. Туды могуць уключыць паводле дзясяткаў артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Такіх, як «акт тэрарызму», «удзел у масавых беспарадках», «распальванне варожасці» і нават паводле адносна новага беларускага артыкулу «Адмаўленне генацыду беларускага народу».

Пакуль праваабаронцам і журналістам невядомыя выпадкі, каб чалавека выключылі са спісу «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

«Не відаць логікі»

Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Святлана Галаўнёва кажа, што не бачыць логікі ў прызнанні КДБ таго ці іншага чалавека датычным да тэрарызму. Але яна бачыць парушэнні як міжнароднага, так і нацыянальнага права. Напрыклад, у Канстытуцыі і іншых прававых актах прапісана прэзумпцыя невінаватасці, забарона на дыскрымінацыю і права на сваю абарону. На практыцы ж, па словах праваабаронцы, на адмену рашэння КДБ паўплываць немагчыма. 

«КДБ яшчэ да вынясення прысуду чалавеку прызнае яго «асобай, датычнай да тэрарыстычнай дзейнасці», Тут відавочны дысбаланс. Прызнаць чалавека «тэрарыстам» — вельмі сур’ёзны крок, які істотна яго абмяжоўвае і негатыўна адбіваецца на ягоным жыцці. Гэта суд мусіў бы вырашаць, а не КДБ сваім рашэннем, прынятым невядома на якіх падставах», — лічыць юрыстка.

Галаўнёва дадае, што працэдура ўключэння ў гэты спіс закрытая. Чалавек, у дачыненні якога прымаецца такое рашэнне, аніяк не можа сябе абараніць, прывесці нейкія аргументы. Бо ён і не ведае часам пра рашэнне, пакуль не прачытае пра гэта ў навінах ці яму паведамяць у калоніі. Праваабаронца звяртае ўвагу на тое, што большасць «тэрарыстаў» на момант прыняцця рашэння знаходзяцца ў няволі і не маюць магчымасці ці ім «не да таго», каб абскарджваць рашэнне КДБ.

Чытайце таксама:

Затрымалі таксіста, які ратаваў пратэстоўцаў ад затрымання

На фестывалі Lidbeer у Лідзе затрымалі двух мужчын — яны выкрыкнулі «Жыве Беларусь»

«Адбылася жахлівая памылка». У Гомелі за «экстрэмізм» затрымалі праўладнага актывіста

Nashaniva.com