«Беларусы — гэта немцы Усходу». Польскі разведчык, які займаўся Беларуссю, упершыню даў інтэрв'ю

Падпалкоўнік Мацей Каравай, які спецыялізаваўся на беларускім і расійскім кірунках, некалькі месяцаў таму выйшаў на пенсію і даў вялікае інтэрв'ю ютуб-каналу Didaskalia.

05.09.2023 / 15:00

Падпалкоўнік польскай разведкі Мацей Каравай спецыялізаваўся на беларускім і расійскім кірунках. Скрын відэа

Польскі разведчык высока ацаніў арганізацыю беларускай арміі. На яго думку, яна ў нечым лепшая за расійскую.

«Я больш цаню беларускую армію, чым расійскую. Беларусы лепшыя ў арганізацыі некаторых пытанняў, маюць цікавыя рашэнні асобных з іх. Нават можна сказаць, унікальныя. Яны як бы знаходзяцца ў цені расійскай, але трэба адзначыць, што беларусы — гэта «немцы Усходу».

У беларусаў парадак. Расійскі бардак для беларусаў нехарактэрны. Калі бачыш беларускія гарады, мясцовасці, дзе жывуць беларусы, то падаецца, што ты як бы знаходзішся ў Польшчы. І з вайсковага пункту гледжання, яны таксама акуратныя па арганізацыі і вельмі сістэматычныя», — кажа адстаўны польскі разведчык.

Былы разведчык згадвае, што яго цікавіла, як беларусы ў сябе рэалізоўвалі тое, што ім перадавалі расіяне:

«Я бачыў, як гэта сапраўды добра можа быць рэалізавана, у той час як у расіян вечна нешта не атрымлівалася (не магу ўдавацца ў падрабязнасці). Гэта таксама сведчыць аб пэўнай штабной культуры, вайсковай культуры».

На думку польскага вайсковага аналітыка, беларускае войска таксама менш карумпаванае ў параўнанні з расійскім.

Чаму беларуская армія не ўвязалася ў вайну ва Украіне

Падпалкоўнік у адстаўцы Мацей Каравай звяртае ўвагу на той факт, што беларуская армія не такая вялікая, каб яе ўступленне ў вайну дало расіянам вырашальную перавагу. «Магчыма, нейкія сілы ўкраінцаў яна б адцягнула, але вялікіх страт украінскай арміі яна нанесці не здольная», — кажа адстаўны польскі разведчык.

«Трэба памятаць, што Лукашэнка сваю ўладу ў Беларусі замацаваў на некалькіх тэзісах. Адзін з іх — пакуль ён ва ўладзе, у Беларусі не будзе вайны. І гэты тэзіс ён вельмі часта паўтарае. А адносна маніфестацый [2020-га] Лукашэнка сцвярджае, што каб не ён, то было б так, як ва Украіне.

У Лукашэнкі з беларускімі сілавікамі заключана свайго роду пагадненне. Улада Лукашэнкі не абсалютная. Ён саступіў частку паўнамоцтваў Радзе бяспекі і трымае дыстанцыю і з сілавікамі, і з Расіяй.

А ўсе ж сілавыя структуры разумеюць, што ў выпадку поўнага паглынання яны будуць толькі часткай вялікай Расіі. А так яны ў сябе ў Беларусі нешта значаць».

Калі б Аляксандр Лукашэнка даў загад напасці на Украіну, то, на думку Каравая, беларускія вайскоўцы б яго выканалі, але Лукашэнку давялося б знайсці вельмі моцныя матыватары для іх, бо такі крок моцна супярэчыў бы нефармальнаму «сацыяльнаму кантракту» Лукашэнкі з сілавікамі.

«На мой погляд, такі загад з яго боку малаімаверны. Удзел Беларусі ў вайне не ўваходзіць у планы Лукашэнкі. Тэрыторыя, палігоны, транспарт, лагістыка, навучанне, лячэнне [— усё гэта ён расіянам даў], але не непасрэдны ўдзел», — адзначае аналітык.

Чытайце яшчэ:

Польшча траціць на войска больш за іншыя краiны НАТА

Вучэнняў «Захад» сёлета не будзе — цяпер афіцыйна

Антось Жупран