«Мне патрэбны мужчына, а не гістарычная фігура побач». Зяленская — пра ўплыў вайны на яе сямʼю
У даволі асабістым інтэрвʼю першая лэдзі Украіны Алена Зяленская распавяла ВВС аб эмацыйным уплыве вайны на яе сямʼю.
05.09.2023 / 15:14
Алена Зяленская. Скрын відэа
Зяленская распавяла, што іх сямʼі не хапае часу быць разам.
«Але мы трымаемся. У нас ёсць сілы — і эмацыйныя, і фізічныя. І я ўпэўненая, што мы вытрымаем усё», — дадала яна.
Калі ў лютым 2022 года Расія ўварвалася ва Украіну, Алена Зяленская разам са сваімі дзецьмі месяцамі хаваліся ў сакрэтных месцах.
Яна апісала свой эмацыйны стан у пачатку ўварвання як «пастаяннае пачуццё адрэналіну». Але потым, з яе слоў, трэба было супакоіцца і пачынаць жыць «у тых умовах, якія ёсць».
З таго часу Зяленская ўзяла на сябе больш прыкметную ролю ў прасоўванні Украіны. Яна падарожнічае па свеце, сустракаецца з лідарамі і выступае з прамовамі.
«Мы жывём не разам з мужам, сямʼя разʼяднаная. Мы маем магчымасць бачыцца ўсе разам не так часта, як, вядома, мы хацелі б. Сыну не хапае бацькі», — распавяла Алена Зяленская.
Паводле яе слоў, жыццё ва ўмовах вайны дорага абышлося яе дзецям.
«Мне балюча глядзець на гэта, таму што мае дзеці нічога не плануюць. Маёй дачцэ — 19. У такім узросце моладзь марыць аб падарожжах, новых адчуваннях, эмоцыях. У яе няма такой магчымасці. <…> Гэта значыць абмежаванні ў часе, у тым, што ты можаш сабе дазволіць, яны існуюць, і мы неяк спрабуем з гэтым жыць».
Уладзімір і Алена Зяленскія вучыліся ў адной школе, потым працавалі разам у гумарыстычным тэлешоу — ён як акцёр, а яна як сцэнарыстка.
Алена кажа, што ніколі не марыла аб тым, каб Уладзімір стаў «гістарычнай фігурай», і дадае, што сумуе па ім і хоча, каб ён быў побач як яе муж.
«Магчыма, гэта эгаістычна, але мне патрэбны мужчына, а не гістарычная фігура побач», — сказала яна.
Пры гэтым Зяленская мяркуе, што Уладзімір «сапраўды мае энергію, сілу волі, натхненне і ўпартасць для таго, каб выстаяць у гэтай вайне».
«Я веру ў яго і падтрымліваю яго. Я ведаю, у яго сіл хапае. Любы чалавек у гэтай сітуацыі, якога я ведаю, яму было б нашмат цяжэй, чым яму. Ён сапраўды вельмі-вельмі моцны чалавек і цягавіты. І гэтая цягавітасць цяпер нам усім вельмі патрэбная».
Адзін з апошніх праектаў першай лэдзі прысвечаны псіхічнаму здароўю і псіхасацыяльнай падтрымцы ўкраінцаў ва ўмовах вайны. Яна рыхтуецца правесці канферэнцыю ў Кіеве, якая будзе прысвечаная ментальнаму здароўю.
«Я вельмі спадзяюся, што магу кагосьці натхніць, магу камусьці даць надзею ці параду або сваім прыкладам даказаць, што мы жывём, мы працуем, мы ідзём наперад», — сказала яна.
«Ніхто не можа ведаць, што цябе чакае. І, вядома, ніхто не мог уявіць, што ў XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы будзе развязаная такая няпростая вайна. Яна такая жорсткая. Крывавая вайна. Я ніколі не думала, што буду ў гэтай ролі ў гэты час».
«Ужо паўтара года мы не можам быць упэўненыя ў заўтрашнім дні, у нас няма ўпэўненасці ў будучыні», — патлумачыла Алена Зяленская.
«У нас ёсць вялікая надзея на перамогу, але, калі мы яе дачакаемся, мы не ведаем. І гэта доўгае чаканне, пастаянны стрэс», — сказала яна.
Чытайце таксама:
Алена Зяленская падчас візіту ў Сеул заклікала Паўднёвую Карэю больш актыўна дапамагаць Украіне
Алена Зяленская знялася для вокладкі часопіса Vogue
Зяленская: Наш 9-гадовы сын любіў музыку, а цяпер хоча навучыцца страляць