Суд ЕС пацвердзіў санкцыі супраць Гуцарыева, які трапіў у чорны спіс за падтрымку Лукашэнкі

Цяпер разглядаецца каля 80 пазоваў ад беларусаў і расіянаў.

06.09.2023 / 12:42

Міхаіл Гуцарыеў і Аляксандр Лукашэнка. Фота: БелТА

Суд Еўрапейскага саюза ў сераду адхіліў пазовы шэрагу буйных расійскіх прадпрымальнікаў і іх сямейнікаў, супраць якіх былі ўведзеныя персанальныя еўрапейскія санкцыі, піша Deutsche Welle.

У прыватнасці, адхіленыя пазовы прадпрымальніка Міхаіла Гуцарыева, які трапіў у санкцыйны спіс ЕС супраць Беларусі за падтрымку Аляксандра Лукашэнкі; былога ўладальніка Трубнай металургічнай кампаніі (ТМК) Дзмітрыя Пумпянскага (пасля ўнясення ў санкцыйны спіс ён выйшаў з бенефіцыяраў і рады дырэктараў ТМК), яго жонкі Галіны Пумпянскай і сына Аляксандра Пумпянскага (таксама пакінуў раду дырэктараў ТМК).

Санкцыі ў дачыненні да гэтых асоб Рада ЕС абгрунтавала падтрымкай палітыкі, якая падрывае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Расіяне палічылі, што іх унеслі ў санкцыйныя спісы незаконна, і звярнуліся ў суд у індывідуальным парадку з патрабаваннем скасаваць абмежавальныя меры.

Хоць Дзмітрый Пумпянскі не ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях непасрэдна, ён займаецца дзейнасцю ў галінах эканомікі, якія служаць для ўрада Расійскай Федэрацыі важнай крыніцай даходаў, растлумачылі DW у судзе ЕС. У сваю чаргу Галіна Пумпянская звязаная з мужам дзелавымі адносінамі, паколькі яна ўзначальвае фонд, які належыць яго ж кампаніі.

Каля 80 пазоваў ад расійцаў і беларусаў

Цяпер Суд ЕС у Люксембургу разглядае блізу 80 пазоваў ад фізічных і юрыдычных асоб з РФ і Беларусі, якія аспрэчваюць пастановы аб санкцыях, паведаміў DW афіцыйны прадстаўнік суда Хартмут Ост.

Большасць спраў распачатая расійскімі бізнэсоўцамі, у дачыненні да якіх дзейнічаюць такія захады, як замарожванне актываў і забароны на ўезд у Еўрасаюз, аднак выйграць суд дагэтуль удалося толькі маці кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына.

Працэс разгляду такіх пазоваў звычайна займае год. Большасць пазоваў расійскіх алігархаў да Рады ЕС была пададзеная ў 2022 годзе.

Чытайце таксама:

Букмекерская кантора PariMatch падала пазоў супраць Зяленскага

Швейцарыя ўвяла санкцыі супраць авіяцыйнай і касмічнай галіны Беларусі

Яшчэ восем краін далучыліся да новага пакета санкцый ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі

Nashaniva.com