Беларус Дзмітрый Шэпелеў будзе весці шоу на тэлеканале «Расія». Раней ён нясмела выступаў супраць вайны

Дзмітрый Шэпелеў у сваім блогу падзяліўся радаснай навіной: яго запрасілі вядоўцам. Шоу для ўсёй сям'і «У коле сяброў» выйдзе ў эфір ужо ў суботу ў 11:50.

06.09.2023 / 14:30

Дзмітрый Шэпелеў. Скрыншот «Тэлеканал Расія»

«За апошнія два тыдні я пагладзіў больш жывёл, чым за ўсё жыццё. Козы елі на мне футболку, аўчаркі грызлі руку, конь наваліў у студыі велізарную кучу, а какаду спаў у мяне пад пахай. Я шчаслівы! Прыгатуйцеся да «мімімі», — прызнаўся Шэпелеў у сваім допісе.

Прыхільнікі з радасцю падтрымалі любімага вядоўцу: «Вы такі малайчына», «Поспеху табе ў кар'еры. Віншую», «Які ж вы разумнік!».

Дзмітрый Шэпелеў доўгі час працаваў у Кіеве на тэлеканалах і зрабіў сабе імя менавіта ва Украіне. У першы дзень поўнамаштабнага ўварвання ён апублікаваў антываенны пост.

«Мне асабліва страшна ад таго, што я цяпер адвёз дзіця ў школу, а мае сябры ў Кіеве і іншых гарадах Украіны вядуць дзяцей у бамбасховішчы. Гэта не ўкладаецца ў галаве», — напісаў Дзмітрый 24 лютага 2022 года.

Першая намесніца старшыні камітэта Дзярждумы па культуры Алена Драпека ўжо абурылася запрашэннем Шэпелева: «Я б назвала гэта двудушнасцю кіраўніцтва канала, якое запрасіла Шэпелева ўдзельнічаць у праграме. Калі тэлевядоўца сапраўды выступаў супраць СВА, то ён трапляе пад сістэму нашага заканадаўства. Праверкай гэтага мусяць займацца праваахоўныя органы».

Nashaniva.com