Суд у Круглым другі раз асудзіў Аліну Гораву: ёй далі паўтара года хатняй хіміі
Аліну судзілі другі раз па абвінавачванні ў грубым парушэнні грамадскага парадку (частка 1 артыкула 342 КК).
07.09.2023 / 13:11
Аліна Горава. Фота: сацсеткі
Гораву судзілі другі раз — па абвінавачванні ў грубым парушэнні грамадскага парадку (частка 1 артыкула 342 КК). Разам з ёй судзілі Алесю Фрыгіну і Паўла Таланава. Фрыгінай прызначылі 1,5 года хатняй хіміі, Таланаву — 2 гады, піша «Медыязона».
Рашэнне па першай справе Горавай, дзе ёй прызначылі год хатняй хіміі, скасаванае. Пракурор апратэставаў прысуд, у справе «знайшлі памылкі», па ім прызначаны новы разгляд. Падчас абвяшчэння прысуду па другой справе суддзя сказала, што Горава «раней не судзімая».
Аліну Гораву затрымалі 27 сакавіка — у дзень, калі яна атрымала дыплом геадэзіста на выпускным у Барысаўскім філіяле БНТУ. Праз тры дні ёй выклікалі хуткую ў РАУС, але не шпіталізавалі. 31 сакавіка дзяўчыну перавялі ў СІЗА і там яе стан пагоршыўся: пачаліся крывацёкі, абвастрыліся хранічныя захворванні.
30 мая суд Круглянскага раёна прысудзіў Аліну Гораву да года хатняй хіміі (частка 1 артыкула 342 КК). 12 чэрвеня Гораву зноў затрымалі — па яшчэ адным эпізодзе ўдзелу ў акцыі пратэсту ў Менску ў 2020 годзе. Фатаграфію з пратэсту знайшлі ў тэлефоне.
Чытайце таксама:
У Круглым зноў затрымана Аліна Горава — 30 мая ёй прысудзілі 1 год «хатняй хіміі»
Асудзілі за пратэсты трох чалавек у Круглым. Сярод іх дзяўчына, якой не давалі лячыцца