Індыя мяняе назву на Бхарат? Што гэта значыць і навошта ўлада гэта робіць
Ужо 18 верасня пытанне афіцыйнага перайменавання можа разгледзець індыйскі парламент.
08.09.2023 / 15:47
Раштрапаты Бхаван — рэзідэнцыя прэзідэнта Індыі ў Нью-Дэлі. Фота: Kriangikrai Thitimakorn / Getty Images
«Індыя, гэта значыць Бхарат, павінна быць саюзам штатаў», — абвяшчае першы артыкул Канстытуцыі. У прэамбуле гаворыцца: «Мы, народ Індыі…»
Назва Бхарат шырока выкарыстоўваецца для абазначэння Індыі на хіндзі. Калі справа даходзіць да афіцыйных зносін на англійскай мове, заўсёды ўжываецца аналаг Індыя, піша Бі-бі-сі.
Урад Нарэндры Модзі цяпер мяняе гэтую старажытную практыку. Ён разаслаў запрашэнні на вячэру ў суботу, 9 верасня, на саміце G20 ад імя «прэзідэнта Бхарата».
Да гэтага дадаўся прэс-рэліз адносна саміту АСЕАН — Індыя, у якім Нарэндру Модзі называюць «прэм'ер-міністрам Бхарата».
А ўжо 18 верасня пытанне афіцыйнага перайменавання можа разгледзець індыйскі парламент.
Што такое Бхарат?
Індуісцкая літаратура называе зямлю, размешчаную паміж Гімалаямі і акіянам, як «Бхаратварш».
Згодна з індуісцкай міфалогіяй, Бхарата быў царом Хастынапуры (цяпер гэта месца называецца Хастынапур і размешчана на ўсход ад Дэлі). Ён заваяваў усе землі і лічыўся праведным царом.
У самым раннім індуісцкім тэксце, Рыгведзе, Бхарата згадваецца як назва групы людзей.
Слова Бхарата на санскрыце таксама азначае «зямля, якая расце і забяспечвае». Гэта можа сімвалізаваць культуру.
Будучы прэм'ер-міністр Індыі Джавахарлал Нэру пісаў у 1927 годзе: «Індыя была Бхаратаю, свяшчэннай зямлёй індуістаў, і нядзіўна, што вялікія месцы паломніцтва індуістаў размешчаныя ў чатырох кутах Індыі».
Але Бхарат не ёсць гістарычным чалавекам.
Парыжскі акадэмік Катрын Клементэн-Аджа напісала ў артыкуле 2014 года: «Бхарата — гэта дыскурс пра прастору, але дыскурс, які не дазваляе візуальна адлюстраваць гэтую прастору. На аснове гэтага дыскурсу немагчыма намаляваць карту ў сучасным разуменні гэтага слова».
А як наконт назваў Індыя і Індастан?
Персы называлі раку Інд «Хінду» (Hindu), што ў латыні ператварылася ў «Індыя» (India). Назва «Індыя» таксама старажытная.
Мусульманскія Маголы, якія кіравалі краінай больш за два стагоддзі, з гонарам называлі сябе «падышахамі Індастана», гэта значыць кіраўнікамі, або імператарамі Індастана.
Назва «Індастан» таксама паходзіць з персідскай мовы. Такім чынам, і Індыя, і Індастан — гэта старажытныя назвы, якія папярэднічалі брытанскаму каланіяльнаму праўленню, якое пачалося з заваявання Бенгаліі ў 1757 годзе.
Урад кажа, што змена назвы на «Бхарат» дапаможа краіне пазбавіцца брытанскіх каланіяльных сувязяў.
«Рашэнне ўжываць Бхарат — сур'ёзнае супрацьдзеянне каланіяльнаму мысленню», — кажа міністр адукацыі Індыі Дхармендра Прадхан.
Але назву Індыя ужываюць ужо больш за два тысячагоддзі.
Магчыма, найстарэйшая згадка пра Індыю паходзіць ад грэцкага гісторыка Мегасфена, які нарадзіўся ў 350 годзе да н. э. Ён напісаў чатыры кнігі пад назвай «Індыка».
Англійскі драматург Уільям Шэкспір таксама ўжыў назву Індыя ў сваёй працы.
«Мая карона ў маім сэрцы, а не на маёй галаве, не ўпрыгожана дыяментамі і індыйскімі камянямі», — кажа кароль Генрых VI у п'есе «Генрых VI», якая, як мяркуюць, была напісаная ў 1591—1592 гады.
Брытанскія трэйдары прыбылі ў Індыю ў 1600 годзе, каб заснаваць Ост-Індскую кампанію. У першым выданні Бібліі караля Якава для пратэстантаў краіна таксама згадвалася як «Інды» (Indie). Усе гэтыя падзеі адбыліся да каланізацыі Індыі Вялікабрытаніяй.
Страхі і супраціў
Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі займае гэту пасаду з 2014 года і з'яўляецца выхадцам партыі «Бхарата Джаната», якая таксама знаходзіцца ва ўладзе ў большасці штатаў. Гэта правая партыя, цесна звязаная з парамілітарнай арганізацыяй Rashtriya Swayamsevak Sangh (RSS, ці «Саюз добраахвотных слуг Радзімы»), якая сцвярджае, што Індыя павінна быць «індуісцкай нацыяй».
Нарэндра Модзі далучыўся да RSS у падлеткавым узросце і падняўся па кар'ернай лесвіцы.
RSS быў тройчы забаронены ў Індыі пасля атрымання незалежнасці. Першы раз пасля забойства Махатмы Гандзі ў 1948 годзе, калі RSS абвінавацілі ў падрыхтоўцы яго забойства, але пазней абвінавачванні знялі.
Групы індуісцкіх нацыяналістаў гралі маргінальную ролю ў барацьбе за свабоду Індыі.
Урад Модзі склікаў спецыяльную сесію парламента, якая павінна адбыцца 18—22 верасня. Апазіцыйныя палітыкі і каментатары мяркуюць, што там будуць абмяркоўваць змену назвы краіны.
Гэта будзе першая сесія ў нядаўна пабудаваным будынку парламента, дзе ўжо ёсць карта Вялікага Бхарата. Гэтая карта ўключае тэрыторыі суседніх краін, у прыватнасці часткі Афганістана, увесь Пакістан, Непал, Бангладэш, Шры-Ланку і М'янму.
Суседзі Індыі выказалі афіцыйны пратэст.
Індыйская апазіцыя ўжо рыхтуецца да супрацьстаяння.
«Хоць няма ніякіх канстытуцыйных пярэчанняў супраць таго, каб называць Індыю «Бхарата», што з'яўляецца адной з дзвюх афіцыйных назваў краіны, я спадзяюся, што ўрад не будзе настолькі дурным, каб цалкам адмовіцца ад назвы «Індыя», якое з'яўляецца брэндам, які ствараўся на працягу стагоддзяў», — напісаў Шашы Тарур, заканадавец ад партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс.