Эксперты МАГАТЭ за тыдзень зафіксавалі ў Запарожскай АЭС больш за 20 выбухаў

Гэта можа сведчыць пра ўзмацненне вайсковай актыўнасці ў рэгіёне, якая таксама можа ўяўляць патэнцыйную пагрозу ядзернай бяспецы на аб'екце.

09.09.2023 / 11:32

Запорожская АЭС. Фота: ua.news

Генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі заявіў, што ў раёне Запарожскай атамнай электрастанцыі, імаверна, узмацнілася ваенная актыўнасць, піша «Медуза».

Як заявіў Гросі, на працягу апошняга тыдня эксперты МАГАТЭ, якія працуюць на станцыі, чулі больш за 20 выбухаў. З ягоных слоў, гэта «можа сведчыць пра ўзмацненне вайсковай актыўнасці ў рэгіёне, якая таксама можа ўяўляць патэнцыйную пагрозу ядзернай бяспецы на аб'екце».

Паводле справаздач экспертаў, выбухі адбыліся на некаторай адлегласці ад Запарожскай АЭС.

Адміністрацыя ЗАЭС таксама праінфармавала каманду МАГАТЭ аб тым, што раніцай 7 верасня ў суседнім Энергадары, дзе жывуць супрацоўнікі станцыі, адбылося некалькі ўдараў беспілотнікаў. Аб пацярпелых не паведамлялася. Эксперты агенцтва працягваюць фіксаваць, што па перыметры станцыі, але не на тэрыторыі АЭС, размешчаныя міны.

У сваю чаргу расійскае кіраўніцтва ЗАЭС на два дні адпусціць з працы частку супрацоўнікаў з боязі «чарговых тэрактаў з боку Украіны», паведаміў «Інтэрфаксу» дарадца кіраўніка канцэрна «Расэнэргаатам» Рэнат Карчаа. З 8 да 10 верасня на анексаванай РФ частцы Запарожскай вобласці праходзяць выбары ў Заканадаўчы сход.

Запарожская АЭС — самая буйная атамная станцыя ў Еўропе, якая была захопленая расійскімі вайскоўцамі ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня ва Украіну. Станцыя не выпрацоўвае электраэнергію з верасня 2022 года. Два энергаблокі ЗАЭС рамантуюць, тры знаходзяцца ў халодным рэжыме, яшчэ адзін — у рэжыме гарачага спынення для забеспячэння ўласных патрэб станцыі.

Nashaniva.com