Для Паліны Шарэнды-Панасюк перасталі прымаць перадачы
У сваякоў не бяруць перадач для палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, якая пасля галадавання мае патрэбу ў адмысловым харчаванні. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў муж актывісткі Андрэй Шарэнда.
09.09.2023 / 14:55
«З рэчыцкага ізалятара, дзе Паліна трымала галадоўку пратэсту супраць новага крымінальнага пераследу, яе перавялі ў гомельскі СІЗА. Галадоўку яна спыніла, але праблема тая, што ёй цяпер патрэбна адмысловае харчаванне, якое забяспечыць мы не можам, бо перадач не прымаюць. Кажуць, што нібыта ліміт вычарпаны. Гэта няпраўда, бо перадач у рэчыцкім ІЧУ не было, а цяпер у гомельскім СІЗА перадачы мусяць прымаць кожны дзень, але не прымаюць», — расказаў Андрэй Шарэнда.
Паводле Андрэя, другой праблемай са здароўем жонкі стала тое, што пасля знаходжання ў ІЧУ ў яе моцна баліць спіна.
«У Рэчыцы Паліну трымалі ў бруднай камеры без матраца і пасцельных рэчаў. Яна мусіла ляжаць на «шконцы» на металічных пласцінах. Нават на падлогу немагчыма было класціся, бо там было брудна і поўзалі вошы. Як вынік, цяпер скардзіцца на болі ў спіне, якія не сціхаюць», — кажа Андрэй Шарэнда. Мужчына спасылаецца на звесткі з гомельскага СІЗА. Лістоў ад жонкі ён не атрымлівае ўжо два месяцы.
23 жніўня Паліна Шарэнда абвясціла галадоўку і не прымала ежы, пакуль яе не перавялі з рэчыцкага ІЧУ ў гомельскі СІЗА. Колькі дзён дакладна галадавала Паліна Шарэнда-Панасюк, яе муж не ведае. У рэчыцкім ізалятары часовага ўтрымання ў Паліны прайшлі апошнія следчыя дзеянні ў межах крымінальнай справы за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».