Сілавікі затрымалі мужчыну, які ў 2020 годзе «перашкаджаў затрыманню Сцяпана Латыпава»
Сілавікі затрымалі мужчыну, які ў 2020 годзе «перашкаджаў» затрыманню Сцяпана Латыпава, калі ён разам з суседзямі выйшаў абараніць мурал з «дыджэямі перамен». Відэа з ім зʼявілася ў блізкім да сілавікоў тэлеграм-канале, піша mediazona.by.
10.09.2023 / 11:12
Затрыманне Сцяпана Латыпава
На камеру мужчына кажа, што браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу на «плошчы Перамен», калі затрымалі Сцяпана Латыпава. Мужчына кажа, што «перашкаджаў» затрыманню.
У відэа сілавікоў устаўленыя кадры з дня затрымання Латыпава. На іх відаць, што затрыманы стаяў збоку, але ў нейкі момант сілавікі падышлі да яго і адштурхнулі мужчыну ў бок. Далей ён ішоў разам з суседзямі ў баку.
Які артыкул выстаўляюць затрыманаму — невядома.
Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня на «плошчы Перамен». 20 верасня дзяржаўныя тэлеканалы АНТ і БТ паказалі сюжэты, у якіх сцвярджалася, што Латыпаў арганізаваў незаконны канал паставак небяспечных хімікатаў у краіну і, паводле версіі сілавікоў, збіраўся выкарыстоўваць атруту супраць міліцыянтаў.
16 жніўня 2021 года Сцяпан Латыпаў асуджаны да 8,5 гадоў зняволення.