Улады прызналі дэфіцыт працаўнікоў у Беларусі і знайшлі рашэнне
Аб прыцягненні кадраў з-за мяжы як «механізме ўмацавання нацыянальнага рынку працы» распавяла першая намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка на беларуска-ўзбекскім жаночым бізнэс-форуме.
10.09.2023 / 14:05
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Паўлючэнка прызнала дэфіцыт працоўнай сілы ў Беларусі, але прычынамі яго назвала не масавую эміграцыю з краіны праз рэпрэсіі і вайну, а «рост эканомікі Беларусі, стварэнне новых працоўных месцаў», што суправаджаюцца «падвышаным попытам на працоўную сілу».
Паводле яе, у банку вакансій заяўлена каля 130 тысяч вакансій. Таму працадаўцы звярнулі ўвагу на іншаземцаў.
Так, у студзені-жніўні 2023 года ў Беларусі працавала 34 тыс. замежных грамадзян, з іх каля 1 тыс. з Узбекістана. Асноўная частка замежных грамадзян занятыя ў сферах паслуг і вытворчасці.
«Асноўным новаўвядзеннем у частцы прыцягнення замежнай працоўнай сілы зʼяўляецца прыняцце ў 2023 годзе новай рэдакцыі закона «Аб знешняй працоўнай міграцыі», якім спрошчаны доступ на рынак працы Беларусі замежнікам», — распавяла Паўлючэнка.
Так, для 17 катэгорый іншаземцаў (навучэнцы, прафесіі, уключаныя ў пералік, спартсмены і іншыя) укаранёны паведамляльны прынцып (наймальнікі пісьмова на працягу трох дзён апавяшчаюць падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі аб заключэнні працоўнай дамовы) замест атрымання спецыяльнага дазволу.
Таксама скасаваная норма, якая абавязвае наймальніка атрымліваць дазвол.
Да канца года пералік прафесіяў з зялёным святлом на беларускі рынак для іншаземцаў плануецца пашырыць.
Чытайце таксама:
На БТ паказалі доктара, які вярнуўся ў Беларусь праз камісію генпракурора Шведа
Чаму беларусы едуць на Радзіму, калі гэта для іх можа быць небяспечна
Вільня ці Варшава? Беларусы пра плюсы і мінусы жыцця ў гэтых сталіцах