Беларус здаваў у арэнду нерухомасць, але падатковая знайшла парушэнні. Штраф такі, што не кожная маёмасць акупіць

Падатковая Гродна праверыла дзейнасць мясцовага жыхара, які здаваў у арэнду нерухомасць. Камеральная праверка знайшла парушэнні ў выплаце ім падаткаў.

11.09.2023 / 08:48

Як паведамляе прэс-служба МПЗ, устаноўлена, што індывідуальным прадпрымальнікам атрыманая ад здачы ў арэнду маёмасці выручка размяркоўвалася паміж ім і дзвюма арганізацыямі, адзіным заснавальнікам якіх ён зʼяўляўся.

«Такая схема (калі бачнасць дзеянняў некалькіх плацельшчыкаў прыкрывала фактычную дзейнасць прадпрымальніка) дазволіла прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання і не выплачваць падаходнага падатку з фізічных асоб і ПДВ», — піша прэс-служба.

Падатковая налічыла даплаты на 1,5 млн рублёў. За які тэрмін выплаты падаткаў такі штраф і якую нерухомасць здаваў гарадзенец, не паведамляецца.

Nashaniva.com