Ці меў рацыю Прэйгерман, калі заклікаў не разгойдваць човен?

Палітолаг Валерый Карбалевіч у чарговым выпуску ютуб-канала ТОК выказаўся, ці меў рацыю Яўген Прэйгерман, калі перад выбарамі 2020 года ў «Нашай Ніве» заклікаў не разгойдваць човен. Палітолаг таксама назваў тое, што магло прымусіць Лукашэнку сысці ў 2020-м, і ацаніў, ці пойдзе ён на саступкі цяпер.

17.09.2023 / 16:50

Мінск, метро «Пушкінская», 9 жніўня 2020 года. Фота: Наша Ніва

У красавіку 2020-га года Яўген Прэйгерман, аналітык, блізкі да лукашэнкаўскіх колаў, выступіў з праграмным артыкулам у «Нашай Ніве», у якім перасцерагаў дэмакратычныя сілы ад разгойдвання чоўна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Згадваючы той артыкул, Карбалевіч звяртае ўвагу, што аўтар, гаворачы аб тым, што не трэба разгойдваць і даводзіць супярэчнасці да вострага канфлікту, фактычна звяртаўся да тытульнай апазіцыі.

«Але тытульная апазіцыя праваліла праймерыз і фактычна справа ішла да байкоту. І тое, што раптам на вуліцы выйшаў народ, было нечакана для гэтай тытульнай апазіцыі. Адна частка ўключылася ў гэту барацьбу, паспела скокнуць у апошні вагон цягніка, які сыходзіў. А значная частка апазіцыі, мне падаецца, засталася на гэтай платформе, як, напрыклад, Партыя БНФ».

Другі момант, на які звяртае ўвагу палітолаг, гэта адсутнасць апанента, да якога звяртаўся ў сваім артыкуле Прэйгерман, бо на вуліцы выйшаў беларускі народ. Яго прадстаўляла не апазіцыя.

«Вось у чым праблема. Таму цяпер калі казаць, маўляў, не трэба было пачынаць, то да каго прэтэнзіі? Не да апазіцыі, бо не апазіцыя была арганізатарам», — адзначае Карбалевіч.

Што магло прымусіць Лукашэнку сысці?

Згадваючы падзеі 2020 года, палітолаг нагадвае, што пікам пратэсту быў 16 жніўня, калі на вуліцы беларускіх гарадоў выйшла каля паўміліёна чалавек.

«Не трэба было сыходзіць з вуліцы. Рэвалюцыі не робіцца толькі па нядзелях. Калі б пасля 16-га людзі засталіся на вуліцы, то гэта было б рэальнай сітуацыяй, калі б можна было дасягнуць расколу дзяржаўнага апарату, расколу сілавікоў».

Карбалевіч прыгадвае, што сілавікі былі моцна дэмаралізаваныя тым, што адбылося ў першыя тры дні пасля выбараў, калі шмат каго з удзельнікаў пратэстаў збівалі. Гэта прызналі як міністр унутраных спраў Караеў, так і Лукашэнка.

«І сілавікі сышлі з вуліц на гэты час. А Крэмль узяў паўзу і чакаў, што адбудзецца ў Беларусі. 7—10 дзён пасля выбараў расійскія дзяржаўныя тэлеканалы рэальна паказвалі сітуацыю ў Беларусі. Проста ў гэты час не было лідараў. Усе лідары былі арыштаваныя. Гэта было дальнабачнае рашэнне Лукашэнкі», — узгадвае падзеі лета 2020 года Карбалевіч.

На погляд палітолага, пратэстоўцам трэба было атачаць не рэзідэнцыю Лукашэнкі, а Валадарку і Акрэсціна, каб вызваліць палітзняволеных. Гэта быў бы першы пераможны крок.

Сыход людзей з вуліцы Карбалевіч лічыць «фатальнай памылкай». «Дзяржаўны апарат набыў моц. Ён убачыў, што з кожнай наступнай нядзеляй людзей усё менш і менш. Ну і пасля Расія рашуча падтрымала Лукашэнку».

Карбалевіч адзначае, што 2020 год пакінуў вялізны след у беларускім грамадстве. Магчыма, ён будзе названы самай яркай падзеяй найноўшай беларускай гісторыі.

«Падзеі 2020 года не прайшлі дарэмна. Яны будуць мець свой уплыў. Гэта будзе пунктам адліку. І таму казаць, каб не 20-ты год, то ўсё было б добра, што ён штурхнуў Беларусь у трагічны кірунак… У пэўным сэнсе так. Але гэта кароткатэрміновы падыход. У доўгатэрміновым, як мне думаецца, 20-ты год быў вельмі моцным рухавіком у беларускай гісторыі».

Валерый Карбалеівч лічыць, што толькі частка сістэмнай апазіцыі змагла пад час пратэстаў 2020-га года «ускочыць у апошні вагон». Скрын відэа: TOK_talk / Youtube

Ці пойдзе Лукашэнку на саступкі

На думку Карбалевіча, моцная траўма, атрыманая ў 2020-м годзе, не дазваляе Лукашэнку спыніць рэпрэсіі. І спадзявацца, што гэта адбудзецца пры гэтым палітычным рэжыме, марна.

«Гэта чыста псіхалагічная рэч. Ён помсціць усім, хто быў супраць яго».

Акрамя гэтага, палітычны аналітык звяртае ўвагу на адну сістэмную рэч. «Лукашэнка ўбачыў, што большасць супраць яго. Што б ён ні казаў, як бы ні расказваў пра тыя нібыта 80 працэнтаў, якія ён нібыта атрымаў, сам ён разумее і памятае, як не мог перамяшчацца на аўтамабілі па горадзе Мінску, а толькі на верталёце. Ён сам казаў, што схаваныя праціўнікі і ў выканкамах сядзець, і ў нейкіх дзяржаўных установах. Таму, каб у такой сітуацыі ўтрымацца пры ўладзе, патрэбны вельмі жорсткі рэпрэсіўны рэжым. Бо, паводле яго, можа быць новы выбух.

Гэты рэжым можа ўтрымацца паводле мадэлі «крэпасць у аблозе». Дзеля гэтага патрэбна ўсялякае напружанне ўнутры краіны, пошук «пятай калоны» ўнутры краіны і пастаяннае змаганне з ворагамі вакол. Таму адбываецца нагнятанне напружанасці ў адносінах з суседзямі».

Карбалевіч адзначае, што пасля 2020-га прынцыпова змянілася палітычная сітуацыя.

Падчас ранейшых прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка бачыў, што супраць яго выступае апазіцыя, якая не абапіраецца на падтрымку большасці. Таму дастаткова было рэпрэсаваць лідараў.

Пасля 2020 года сітуацыя моцна змянілася: «Ён не абапіраецца на падтрымку большасці. Таму, каб утрымаць уладу, патрэбная пастаянная праца рэпрэсіўнай машыны.

Я не думаю, што ва ўмовах сённяшняга палітычнага рэжыму Лукашэнка пойдзе на нейкія саступкі ва ўнутрыпалітычным плане», — мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Глядзіце цалкам:

Антось Жупран