Ці можа Лукашэнка аддаць уладу ў 75 гадоў?

Сваё меркаванне наконт таго, ці магчымы пры Лукашэнку пераход улады да іншага чалавека і калі наступіць канец дыктатуры, у выпуску ютуб-канала «Ток» выказаў палітолаг Валерый Карбалевіч. 

15.09.2023 / 13:14

Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем на Дні Перамогі ў Маскве ў 2020 годзе. Фота: Sergey Guneev — Host Photo Agency via Getty Images

У 2010-м годзе выйшла кніга Валера Карбалевіча «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт». У размове Карбалевіч прыгадвае, што адразу пасля выбараў Лукашэнкі ў Мінску існаваў папулярны анекдот, які злыя языкі выдавалі за чыстую праўду: «Аднавяскоўцы спыталі ў яго жонкі, Галіны Лукашэнкі, чаму яна не едзе да мужа ў Мінск. Яна нібыта ім адказала: «Мой Сашка нідзе больш за два гады не затрымліваецца». Але Лукашэнка затрымаўся ва ўладзе.

«Чалавек нарэшце знайшоў сваё месца, якое ён доўга шукаў. Супадзенне чалавека, супадзенне часу, супадзенне гісторыі. Хутка будзе 30 гадоў, як ён ва ўладзе. І невядома, колькі яшчэ ён там прабудзе».

Карбалевіч лічыць, што пра ўладу Лукашэнка пачаў марыць падчас гарбачоўскай перабудовы, калі «з'явіўся рэальны шанс нейкіх новых сацыяльных ліфтаў. Калі чалавек ніадкуль, з нізоў мог раптам трапіць на верхавіну, прапускаючы цэлы шэраг ступеняў, якія неабходна было прайсці, каб зрабіць карʼеру ў савецкія часы».

Таму, на думку палітолага, невыпадкова, што Лукашэнка ў першыя ж адносна свабодныя выбары 1989 года пачаў балатавацца ў народныя дэпутаты СССР. І амаль што іх выйграў. У адной акрузе з ім ішоў тагачасны кіраўнік Дзяржплана БССР Вячаслаў Кебіч.

«Потым ён хутка зразумеў, як праводзіцца палітычная кампанія, адчуў сябе публічным палітыкам, што для часоў гарбачоўскай перабудовы было навіною, бо да гэтага публічных палітыкаў не было як у СССР, так і ў Беларусі. А калі ён стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, калі яго сталі паказваць па тэлебачанні (а пасяджэнні трансляваліся), калі ў яго зʼявіліся прыхільнікі, то ён пачаў марыць пра больш высокую пасаду», — кажа Валер Карбалевіч.

Палітолаг прыгадвае, што падчас абмеркавання новай Канстытуцыі людзі, якія былі побач з Лукашэнкам у парламенце, звярнулі ўвагу, што ён падчас дыскусіі пра паўнамоцтвы прэзідэнта казаў пра тое, што трэба зрабіць прэзідэнта моцным.

«Ён ужо тады прымяраў на сябе гэту пасаду. Ну, а калі ён ужо ўзяў уладу, калі адчуў яе смак, то вельмі хутка ў яго зʼявіліся амбіцыі, якія перавышалі амбіцыі прэзідэнта Беларусі. Прыкладна ў 95-м годзе ў яго зʼявілася шалёная ідэя стаць кіраўніком беларуска-расійскай дзяржавы», — мяркуе палітолаг.

На погляд Валера Карбалевіча, за ўсе гады свайго кіравання найбольш слабым Лукашэнка быў у першыя два гады. У той час рэальна дзейнічалі інстытуты падзелу ўлады. Сярод іх — парламент, які спрабаваў яму вынесці імпічмент, Канстытуцыйны суд, які даваў заключэнні аб неканстытуцыйнасці ўказаў прэзідэнта. 

«Гэтыя два гады былі для яго дастаткова напружаныя. І не выпадкова, што ён разагнаў усе гэтыя інстытуты», — кажа ён.

Перыядам слабасці Лукашэнкі быў і 2020 год, калі «ўсё хісталася. Калі была рэальная магчымасць адхіліць Лукашэнку ад улады».

Валерый Карбалевіч. Скрын відэа: TOK_talk / Youtube

Палітолаг адзначае, што за апошнія 13 гадоў, пасля выхаду кнігі, напісанай Карбалевічам, Лукашэнка не змяніўся.

«Гэта ўсё той жа Лукашэнка 2010 года, толькі перажыўшы псіхалагічную траўму 2020-га. Калі б у 2010-м годзе народны пратэст быў такім жа, як у 2020-м, то сённяшні ўзровень тэрору быў бы ўжо тады.

У прынцыпе, вялікіх зменаў у стылі, у прыродзе рэжыму, у характары Лукашэнкі я не бачу», — кажа Карбалевіч.

Ці можа Аляксандр Лукашэнка пайсці ў адстаўку і аддаць уладу ў 70 ці 75 гадоў? 70 яму споўніцца, нагадаем, у 2024-м, а 75 — у 2029-м.

«Для Лукашэнкі ўлада і жыццё — рэчы параўнальныя, — мяркуе біёграф Аляксандра Лукашэнкі. — Таму страта ўлады — гэта страта жыцця», — адзначае Карбалевіч і гэтым тлумачыць тое, што ён не бачыць магчымасці, каб Лукашэнка адышоў ад улады ці перадаў яе некаму. Асабліва калі ўлічваць тое, што ён нарабіў за апошнія тры гады.

Ці можа Лукашэнка змяніцца

На думку палітолага, Лукашэнка не можа памяняцца, і рэпрэсіі не спыняцца, а толькі пашырацца.

«Я тут не бачу ніякага дна. Сітуацыя стварэння «жалезнай заслоны» паміж Беларуссю і Захадам, з аднаго боку, непрыемная ў сэнсе міжнароднай ізаляцыі, санкцый, выключэння з розных міжнародных арганізацый, асабліва спартовых, што асабліва балюча для Лукашэнкі.

Але ў чымсьці яна [для Лукашэнкі] добрая, бо не трэба хавацца, гуляць чужую ролю. Ён цяпер выступае ў сваім натуральным выглядзе, скінуў маску. І ў гэтым сэнсе сітуацыя, якая існуе, для яго ў пэўным сэнсе камфортная», — дзеліцца сваімі думкамі Карбалевіч і адзначае, што ён не думае, што Лукашэнка пачне «гуляць у дэмакратыю». Бо падзеі 2020-га году аказалі на яго велізарны ўплыў.

«Уся гэтая гульня ў дэмакратыю, існаванне структур грамадзянскай супольнасці, апазіцыйных партый. Ён упэўнены, што менавіта гэта прывяло да выбуху 20-га года.

У яго вельмі моцны «сіндром Гарбачова» — даць нейкую свабоду, прыадчыніць акно ці фортачку, і потым яе ўжо не зачыніць. Падзеі да 20-га года, калі ён гуляў ва ўяўную лібералізацыю, ці ва ўмоўную беларусізацыю, ці размарожванне адносін з Захадам, паказала [яму], што вось гэтая лінія вядзе да пратэснага выбуху», — тлумачыць палітолаг.

Якім можа быць канец дыктатуры

Карбалевіч адзначае, што ніякіх перамен у Беларусі не можа адбыцца, пакуль Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе:

«Я не думаю, што пры жыцці Лукашэнкі ў Беларусі магчымы нейкія сурʼёзныя перамены. Касметычныя — магчыма. Сурʼёзныя — не. Транзіт улады можа адбыцца, калі палітычны лідар, дыктатар, збіраецца пры сваім жыцці сысці. Калі Лукашэнка нікуды сыходзіць не збіраецца, то ўсе размовы пра транзіт, пра пераемніка не маюць ніякага сэнсу».

Атачэнне Лукашэнкі

Як і ў кожнай палітычнай сістэме, у сістэме, якую стварыў Лукашэнка, ёсць кланы і групы са сваімі інтарэсамі. Ёсць бізнэсоўцы, якія спрабуюць мець «дах» у дзяржаўных структурах, сярод чыноўнікаў. Пры такой сістэме існуюць карупцыйныя групы. Але гэта, на погляд палітолага, не трансфармуецца ў нейкую палітычную барацьбу. Ёсць і «паддывановая» барацьба, але яна практычна не выходзіць на паверхню.

Калі гаварыць пра асобаў, вакол якіх фармуюцца нейкія групы ўплыву, то трэба адзначыць, што ў Беларусі ў першую чаргу ўплыў аказвае не чалавек, а пасада, якую ён займае: «Калі чыноўнік расце, то вакол яго фарміруюцца нейкія групы ўплыву. Але як толькі ён страчвае пасаду, то гэтыя групы ўплыву распадаюцца».

Прыкметамі ўплыву Карбалевіч называе тое, што гэтыя людзі часцей зʼяўляюцца на нейкіх нарадах у Лукашэнкі. Сярод такіх людзей — кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка, прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка, кіраўнікі сілавых структур — Аляксандр Вальфовіч (старшыня Рады бяспекі), старшыня КДБ Іван Церцель, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Павялічылася палітычная вага генеральнага пракурора Андрэя Шведа.

А вакол Віктара і Дзмітрыя Лукашэнкаў, на думку Карбалевіча, фарміруюцца нейкія камерцыйныя структуры, якія з іх дапамогай атрымліваюць камерцыйныя льготы, і не больш за тое.

«Дзмітрый Лукашэнка ніколі не прэтэндаваў на нейкую палітычную ролю. А што тычыцца Віктара, то пасля 2020 года ён страціў тую палітычную вагу, якую меў, разам з пасадай памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. Цяпер ён не мае ніякіх палітычных пасад. Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта — гэта не дзяржаўная пасада. Фармальна Алімпійскі камітэт — грамадская арганізацыя. Ён выконвае нейкія далікатныя, спецыфічныя заданні бацькі».

Прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка, у ацэнцы Карбалевіча — асоба, якая не прэтэндуе ні на выпрацоўку, ні на правядзенне самастойнай эканамічнай палітыкі.

«Яго папярэднікі спрабавалі ладзіць больш самастойную палітыку. І Лукашэнка нават з імі спрачаўся, крытыкаваў. Таму гэтая фігура менш важкая на пасадзе, чым папярэднікі».

Прысутнасць у атачэнні Лукашэнкі Наталлі Качанавай палітолаг тлумачыць яе адданасцю. «Для яе Лукашэнка зʼяўляецца палітычным кумірам. Яна добры выканаўца. Ёй можна даваць адказныя даручэнні і яна іх выконвае. Пры гэтым яна не прэтэндуе на нейкую самастойную ролю ці лінію. І Лукашэнку гэта падабаецца».

Як пройдуць выбары 2025 года

Карбалевіч упэўнены, што Лукашэнка пойдзе на наступныя прэзідэнцкія выбары. Адначасова яго абяруць і старшынёй Усебеларускага народнага сходу. Пры гэтым выбары пройдуць без рэальных апанентаў, а будуць «зусім анекдатычныя фігуры». Палітолаг лічыць, што на выбарах не будзе рэальных назіральнікаў, напрыклад, ад АБСЕ. Не будуць створаны ўчасткі для галасавання ў замежжы. Самі кабінкі для галасавання пакінуць адкрытымі.

«Элемент вяртання да савецкіх выбараў будзе нашмат большым, чым гэта было дагэтуль», — гаворыць палітолаг.

Калі ж гаварыць аб іміджы Лукашэнкі перад будучымі выбарамі, то Карбалевіч звяртае ўвагу, што цяпер падчас інтэрвʼю замежным журналістам Лукашэнка падкрэслівае, што ён даўно ўжо ў палітыцы: «Вобраз мудрага палітыка, палітычнага патрыярха, які шмат што ведае, шмат пры ўладзе. Другое, гэта спроба сказаць, што менавіта на ім трымаецца стабільнасць, улада, парадак, бяспека і мір у Беларусі».

Глядзіце цалкам:

Антось Жупран