«Для польскага народа ён — герой!» Родным Андрэя Пачобута ўручылі медаль 75-годдзя місіі Яна Карскага

10 верасня ў Любліне асуджанага на восем гадоў беларускага журналіста Андрэя Пачобута ўшанавалі медалём 75-годдзя місіі Яна Карскага. Узнагароду за палітвязня атрымаў яго брат Станіслаў, піша БАЖ са спасылкай на Польскае радыё.

11.09.2023 / 15:29

Андрэй Пачобут падчас суда. Фота: БелТА

Падчас цырымоніі Станіслаў Пачобут распавёў, што хацеў бы, каб гэты медаль асабіста атрымаў ягоны брат:

— Я не адчуваю сябе вартым атрымаць гэты медаль, у галаве ўвесь час круцяцца дзіўныя думкі, што Андрэй забраў бы яго лепш. Я не зраблю гэта так добра, як ён, — расчулена сказаў Станіслаў Пачобут. — Надзея заўсёды памірае апошняй, мы верым, што ўрэшце муры абрынуцца і ўсе выйдуць. У Беларусі цяпер больш за 1500 прызнаных палітзняволеных і амаль столькі ж непрызнаных, якія не звярнуліся па дапамогу і не сказалі, за што знаходзяцца ў турме, — сказаў Станіслаў.

На ганаровай імпрэзе прысутнічаў Павел Латушка.

— Адным з тых, каго спрабуе зламаць рэжым Лукашэнкі, з’яўляецца Андрэй Пачобут. Для беларускага народа ён — герой. Для польскага народа ён — герой. Ён наш агульны герой! Гэта той чалавек, які сімвалічна аб’ядноўвае нас сёння ў барацьбе супраць дыктатуры і тыраніі, — падкрэсліў беларускі палітык.

Нагадаем, што таварыства Яна Карскага вырашыла адзначыць Андрэя Пачобута, каб выказаць салідарнасць са зняволеным журналістам. Само рашэнне аб узнагароджанні трэба расцэньваць як рэакцыю на ціск, які зазнае Андрэй у наваполацкай калоніі.

Андрэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі Саюза палякаў Беларусі.

За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце».

У публікацыі Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст ад 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

8 лютага 2023 года ў абласным судзе Гродна суддзя Дзмітрый Бубенчык прыгаварыў журналіста да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Месяц таму Андрэя перавялі са следчага ізалятара ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацку.

У кастрычніку 2022 года КДБ унёс Андрэя Пачобута ў спіс тэрарыстаў. Сёлета 23 чэрвеня прозвішча журналіста-палітвязня з’явілася і на сайце МУС РБ у пераліку грамадзян, якія «маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Увесь час знаходжання пад вартай журналісту забароненыя спатканні са сваякамі, ягоныя лісты цэнзуруюцца і блакуюцца ў перапісцы нават з сынам. Цягам больш як двух гадоў за кратамі Андрэй Пачобут адчуваў пастаянны ціск. Тым не менш, ён неаднаразова адхіляў прапановы вызвалення ў абмен на просьбу аб памілаванні і ад’езд з Беларусі.

За кратамі знаходзяцца 33 беларускія журналісты, некаторыя з іх асуджаныя на велізарныя нават па лукашэнкаўскіх рэаліях тэрміны.

Чытайце таксама:

Актывіст СПБ: Сітуацыя з Андрэем Пачобутам вельмі цяжкая

Андрэя Пачобута перавялі ў памяшканне камернага тыпу

МЗС Польшчы расказала, што павінна здарыцца для паляпшэння адносін Варшавы і Мінска

Nashaniva.com