68-гадовы футбаліст пра дэбют на полі: Мяне яшчэ пазнавата выпусцілі! Я рваўся ў бой раней

Сяргей Новік, які ўзяў удзел у матчы другой лігі супраць «Мастоў», расказаў Football.by, як яму давялося выйсці на поле ў складзе «Смаргоні-2».

12.09.2023 / 16:46

Фота: сайт football.by

— Сяргей Генадзевіч, прызнайцеся, хваляваліся перад выхадам?

— Я ж рыхтаваўся. Ды і досвед у мяне багаты, так што хвалявання амаль не было. І хлопцаў я ведаю: мы разам трэніруемся. Пра адно перажываў: хацеў добра ўвайсці ў гульню, нідзе не памыліцца, каб не падвесці каманду. Атрымалася 50 на 50.

— А чаму вырашылі наогул згуляць?

— Я даўно знаходжуся ў зборнай вобласці сярод ветэранаў «40+» і «60+». Мы чэмпіёны вобласці два гады запар. Я практычна два гады не пакідаю поля. Пачуваюся добра! А тут з'явілася каманда другой лігі, з якой мы разам трэніруемся. Вось і падумаў: а чаму б не праславіць нашу Смаргонь?! У нас футбол на ўздыме, смаргонцы любяць футбол. Таму і вырашыў рэкорд Юрыя Пудышава (згуляў у 56 гадоў за «Дынама» Брэст у «вышцы») і Мікалая Мятліцкага (згуляў за «Забудову» ў другой лізе ў 55 гадоў) перавезці ў наш горад! Я ж кандыдат у майстры спорту па футболе! Даўно-даўно ў складзе аматарскай каманды ў Шклове гулялі ў фінале рэспубліканскага турніру сярод аматарскіх каманд. За гэта і прысвоілі званне КМС.

— Наколькі даўно-даўно гэта было?

— У 1999 годзе.

— Не так і даўно.

— Я тады быў другім трэнерам «Смаргоні». Адказваў за дубль, калі так можна сказаць. Каманда ў нас падабралася класная. Мы ў двухбакоўках аснове амаль не прайгравалі і наогул былі на велізарным уздыме: нават чэмпіянат вобласці выйгравалі.

— Згулялі сем хвілін. Хапіла сіл?

— Ха! Мяне яшчэ пазнавата выпусцілі! Я рваўся ў бой раней! На трэніроўках бегаю з усімі на роўных. Але тут афіцыйная гульня: мы прайгравалі, трэба было зраўняць лік («Масты» ў выніку перамаглі 1:0. — «НН»). Таму партнёры. А так я гатовы быў!

— Камандзе трэба будзе згуляць яшчэ дзве сустрэчы. Можа, на тайм выйдзеце або ўвогуле ў старце?

— Наступны матч прапушчу — ветэранскі турнір у нас. А вось у апошняй хатняй сустрэчы сезона з «Белкардам» планую выйсці, пабегаць і вецер паганяць.

Чытайце таксама:

У матчы другой лігі беларускага чэмпіянату выйшаў на поле 68-гадовы футбаліст

Самы тытулаваны футбольны клуб Італіі вырашылі прадаць

«Беларускі футбол амаль не гляджу». Экс-трэнер нацыянальнай зборнай амаль два месяцы адпачывае ў Балгарыі

Nashaniva.com