У Лівіі катастрафічная паводка: больш за 3000 загінулых і 10000 зніклых без вестак
У Лівіі адбылася разбуральная паводка, пасля якой прапала без вестак каля 10 000 чалавек. Канчатковая колькасць загінулых пакуль не вызначаная, але яна можа складаць тысячы чалавек. Асноўныя ахвяры і разбурэнні прыйшліся на партовы горад Дэрна на ўсходзе краіны — у ім пад напорам вады прарвала дзве плаціны, піша Бі-бі-сі.
12.09.2023 / 17:36
Фота: Handout / Anadolu Agency via Getty Images
Міністр аховы здароўя адміністрацыі, якая кантралюе ўсход Лівіі, заявіў, што пацверджана смерць больш за 3000 чалавек.
«Колькасць зніклых без вестак лічыцца тысячамі, а колькасць загінулых, як чакаецца, дасягне 10 000», — заявіў ён тэлеканалу «Аль-Масар».
У Дэрне былі змытыя цэлыя кварталы. На могілках сабралася больш за 700 целаў, якія чакаюць апазнавання, а мясцовыя прадстаўнікі аховы здароўя заявілі, што тысячы чалавек прапалі без вестак.
Міністр грамадзянскай авіяцыі ў непрызнаным урадзе ўсходняй Лівіі, заявіў, што сітуацыя ў Дэрне катастрафічная.
«Целы ляжаць паўсюль: у моры, у далінах, пад будынкамі, — сказаў ён агенцтву Reuters у тэлефоннай размове пасля наведвання горада. — Я не перабольшваю, калі кажу, што 25% горада знікла. Многія, многія будынкі абваліліся».
Спецыялісты і раней папярэджвалі, што плаціны можа прарваць. Але калі гэта адбылося, жыхарам Дэрны ніхто не паведаміў. На відэа, распаўсюджаным у сацсетках, відаць, як людзі малілі аб дапамозе і крычалі, калі каламутная вада затапіла іх дамы. На іншым відэа бачна, як патокі зносяць машыны на вуліцах, якія ператварыліся ў рэкі.
Вырваўшыся ў даліну, вада разлілася па велізарнай тэрыторыі. Акрамя Дэрны, таксама пацярпелі гарады Бенгазі, Суса і Аль-Мадж на ўсходзе краіны. Падчас выратавальных работ знікла сямёра вайскоўцаў лівійскай арміі. Улады на ўсходзе Лівіі ўвялі каменданцкую гадзіну, а школы і крамы загадалі зачыніць.
Лівія падзеленая паміж дзвюма варожымі адна адной адміністрацыямі пасля паўстання, у выніку якога ў 2011 годзе быў скінуты Муамар Кадафі. Ні прызнаны светам, ні непрызнаны ўрады не ўкладвалі сродкаў у падтрымку і рамонт інфраструктуры, чым і могуць тлумачыцца катастрафічныя наступствы паводкі.
Чытайце таксама:
Колькасць ахвяр землятрусу ў Марока дасягнула 1037 чалавек
Паўночнакарэйцаў заклікалі ратаваць ад стыхіі партрэты Кімаў
«Ратуючыся ад стыхіі, людзі ў паніцы бягуць да акіяна». На Гавайскіх выспах бушуюць лясныя пажары