«Большой сбор русскому герою». Мастачка Жыгімонт збірала грошы на нацыста

Светлана Жыгімонт, якая зрабіла сабе імя на пастаралях з Аляксандрам Лукашэнкам, зарэпосціла ў сваім тэлеграм-канале збор грошай на «расейскага героя «Міхаіла «Пітбуля» Турканава».

13.09.2023 / 13:22

Фоты Светланы Жыгімонт і Міхаіла Турканава з сацсетак. Калаж: Наша Ніва

Мікалай Турканаў ваюе ў складзе расійскіх войскаў ва Украіне. Пры гэтым ён не хавае сваіх нацысцкіх сімпатый у сацыяльных сетках.

На целе ў яго ёсць тату свастыкі і надпіс «Іду на вы», што азначае ў перакладзе са стараславянскай «Іду на вас», які адсылае да старажытнарускіх летапісаў.

Публікацыя збору на падтрымку Турканава на канале Жыгімонт (злева). Сам Турканаў не хавае неанацысцкіх поглядаў і дзеліцца гэтым у сацсетках. Фоты: сацсеткі

За ўдзел у нападзе на Украіну Мікалай Турканаў узнагароджаны расійскім Ордэнам мужнасці. Да гэтага мужчына быў байцом ММА, рэгулярна ўдзельнічаў ў бойках паміж расійскімі футбольнымі фанатамі, а таксама сядзеў у турме на працягу 5 гадоў за «выкраданне чалавека» і «вымагальніцтва».

Расійская і лукашэнкаўская прапаганда выстаўляюць украінцаў нацыстамі і гэтым апраўдвалі ўварванне ва Украіну. Чапляюцца пры гэтым да постаці Сцяпана Бандэры і гістарычнай ацэнкі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, якая вяла барацьбу за незалежнасць Украіны ў першай палове ХХ стагоддзя, выкарыстоўваючы гвалтоўныя метады, у тым ліку і разгарнула партызанскае змаганне супраць савецкай акупацыі.

Насамрэч, неанацысцкія погляды, як і антысемітызм, ксенафобія, распальванне варожасці па нацыянальнай прыкмеце часцей сустракаюцца ў Расіі і Беларусі, чым ва Украіне, дэмакратычнай дзяржаве. 

Пасля таго, як на рэпост мастачкі звярнулі ўвагу СМІ, яна яго выдаліла.

Чытайце таксама:

Мастачка Жыгімонт: «Мяне ўнеслі ў стоп-ліст, інтэрв’ю не даюць у эфір»

Палітолаг расказаў, хто і калі спыніць Азаронка і Мукавозчыка

Беларусь і Украіна былі калоніямі Расіі? А вось і не

Марк Рыхтэр