За атрыманне хабару затрымалі дырэктара Добрушскага фарфоравага завода

Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі за атрыманне хабару службовую асобу ЗАТ «Добрушскі фарфоравы завод», паведаміла паведаміла прэс-служба МУС. Імя затрыманага не называлася, але праз прагляд аператыўнай здымкі выданне «Флагшток» здолела вызначыць, што гаворка ідзе пра самога генеральнага дырэктара прадпрыемства Аляксандра Вінакурава.

14.09.2023 / 18:09

Фота: vdobrushe.by

Для атрымання хабару за своечасовую адгрузку прадукцыі і вырашэнне іншых пытанняў кіраўнік прадпрыемства выкарыстаў свайго брата. Затрыманне адбылося ў момант, калі атрыманыя братам грошы былі перададзеныя непасрэдна дырэктару прадпрыемства.

Па словах аператыўнікаў, прадстаўнік камерцыйнай структуры перадаў братам 155 тыс. расійскіх рублёў і 33,5 тыс. беларускіх, што адпавядае хабару ў буйным памеры.

З аператыўнай здымкі вынікае, што на момант затрымання сумы хабару ўжо былі размеркаваныя паміж змоўцамі.

Кадр з аператыўнай здымкі затрымання службовай асобы Добрушскага фарфоравага завода

Атрыманне хабару ў расійскіх рублях можа сведчыць аб тым, што сродкі за спрыяльнае развязанне пытанняў перадаваліся расійскай камерцыйнай структурай.

«Флагшток» звярнуўся ў прыёмную ЗАТ «Добрушскі фарфоравы завод» з просьбай звязацца з дырэктарам Вінакуравым. «Паглядзіце зводку МУС!», — адказаў усхваляваны сакратар дзяржпрадпрыемства.

Акрамя кіраўніцтва Добрушскім фарфоравым заводам Аляксандр Вінакураў з'яўляецца дэпутатам Добрушскага раённага савета дэпутатаў. У 2021 годзе ён быў дэлегатам шостага УНС ад Гомельскай вобласці.

Публікацыя на сайце газеты «Добрушскі край», прысвечаная вылучэнню Аляксандра Вінакурава дэлегатам УНС

З дэкларацыі аб маёмасці Аляксандра Вінакурава, апублікаванай падчас выбарчай кампаніі 2018 года, вынікае што гадавы даход кіраўніка складаў тады каля 13,5 тыс. даляраў. 

Чытайце таксама:

Кіраўнік Добрушскага раёна выратаваў хлопчыка, які тануў у віры на Іпуці, добрай парадай 

Да шасці з паловай гадоў калоніі прысудзілі былога старшыню Хоцімскага райвыканкама

«Бананавы кароль» Захараў зарубіўся з ДФР і шле Качанавай пакаянныя лісты, называючы апазіцыю «жопазіцыяй» 

Nashaniva.com