Чаму вызваленне Андрэеўкі, ад якой не засталося жывога месца, важнае для УСУ
Гэта прынцыповая лагістычная артэрыя для расійскіх войскаў.
15.09.2023 / 14:01
Андрэеўка. Фота Evgeniy Maloletka / AP
Яшчэ 20 мая расійскія ўлады заявілі, што Бахмут цалкам узяты. Аднак украінскае вайсковае камандаванне распаўсюдзіла ўласную заяву. Камандуючы Усходняй групоўкай войскаў генерал Аляксандр Сырскі спрагназаваў, што расейцы тут «патрапяць у пастку», нагадвае Бі-бі-сі.
Рэч у тым, што ў сярэдзіне мая УСУ пачалі актыўны рух на флангах Бахмута — з мэтай узяць расійскі гарнізон у аператыўнае акружэнне. Найважнейшы ўчастак тут праходзіць побач з сёламі Кляшчэеўка, Андрэеўка і Курдзюмаўка. Яны ляжаць побач з чыгункай і аўтадарогай (Т0513), якая злучае Бахмут з акупаванай Горлаўкай.
Гэта прынцыповая лагістычная артэрыя для расійскіх войскаў. Яе пераразанне паставіць войска РФ у вельмі цяжкае становішча ў Бахмуце і суседнім Салядары.
Уласна, адносна бяспечнай у такім выпадку застаецца толькі адна траса — на мястэчка Папасная. Але калі пасля вызвалення Кляшчэеўкі, Андрэеўкі і Курдзюмаўкі ўкраінскія сілы працягнуць рух на ўсход, то цалкам імаверна, што возьмуць яе пад агнявы кантроль.
Тады расійскія вайскоўцы будуць вымушаныя тэрмінова выводзіць свае войскі з Бахмута, каб не патрапіць у поўнае акружэнне.
Уласна, менавіта каля Андрэеўкі байцам УСУ і ўдалося ў сярэдзіне ліпеня прарваць абарончыя парадкі праціўніка і перасекчы канал Северскі Данец — Данбас.
Так яны стварылі плацдарм на яго ўсходнім беразе, а затым украінскія вайскоўцы пачалі паступова выцясняць расійскія сілы з тэрыторыі паміж Кляшчэеўкай і Андрэеўкай.
Войскі РФ спрабавалі контратакаваць, але ўсе спробы пацярпелі няўдачу.
Чытайце таксама:
Украінскі генштаб пацвердзіў узяцце Андрэеўкі