Кіраўнік малдоўскага «Спутніка», якога выгналі з краіны, аказаўся афіцэрам ГРУ

Кіраўніка прапагандысцкага выдання «Спутнік Малдова» Віталя Дзянісава 13 верасня выдварылі з краіны праз падазрэнні ва ўмяшальніцтве ў яе ўнутраныя справы. Журналісты высветлілі, што ён кадравы расійскі афіцэр.

16.09.2023 / 19:44

Як сцвярджае The Insider, Дзянісаў — супрацоўнік 72-га цэнтра спецыяльнай службы (вайсковая часць ГРУ №54777). Цэнтр у інтарэсах ГРУ займаецца інфармацыйнымі ўкідамі і дэзынфармацыяй замежнай аўдыторыі.

Адметна, што Дзянісаў нарадзіўся ў Закарпацкай вобласці Украіны і вучыўся ў Львоўскім вайскова-палітычным вучылішчы. У 1992 годзе ён адмовіўся прымаць прысягу ва Украіне і разам з іншымі адмоўнікамі з вучылішча перабраўся ў Маскву. Там яго пасялілі ў афіцэрскім інтэрнаце недалёка ад штаб-кватэры Галоўнага разведвальнага ўпраўлення.

Па звестках The Insider, некаторы час Дзянісаў працаваў у газеце Мінабароны РФ «Красная звезда», дзе ў асноўным асвятляў дзейнасць ПДВ. У 2013 годзе Дзянісаў працаваў у Галоўным следчым упраўленні Маскоўскай вобласці. Журналісты не здолелі высветліць, чым ён там займаўся. 

Са Следчага камітэта Дзянісаў перайшоў у 72-і цэнтр спецыяльнай службы. У 2016 годзе яму прысвоілі званне палкоўніка ПДВ, а ў 2019-м прызначылі галоўным рэдактарам «Спутніка» ў Паўднёвай Асеціі. Пасля гэтага ён узначаліў радыёстанцыю ў Баку, а ў 2022 годзе пераехаў у Кішынёў.

Nashaniva.com