«Як Украіне патрэбная зброя, так Беларусі — падтрымка нацыянальнай культуры». У Варшаве праходзіць Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі
Параўнанне неабходнасці падтрымліваць сёння і Беларусь, і Украіну належыць Ганне Радзіёўскай, дырэктарцы берлінскага філіяла Інстытута Пілецкага. Яна была адной з мадэратарак на кангрэсе, для правядзення якога арганізатары не выпадкова абралі Варшаву: менавіта ў Польшчу за апошнія гады вымушана эмігравала вялікая колькасць беларускіх творцаў. На кангрэсе прысутнічае і карэспандэнт «Нашай Нівы».
17.09.2023 / 09:42
У пачатку імпрэзы ў зале паставілі партрэт мастака Алеся Пушкіна, які загінуў у час зняволення па «палітычным» артыкуле, у памяць пра яго выступіў «Вольны хор», а потым была абвешчаная мінута маўчання.
Згадка пра гэтага творцу стала яшчэ адным напамінкам пра сітуацыю Беларусі. І пра тое, што галоўная місія дзеячаў культуры ў выгнанні сёння — яе захаванне і развіццё.
Удзельнікаў Першага кангрэса беларускай культуры ў эміграцыі прывіталі заснавальніца арганізацыі Інбелкульт 2.0, кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская, спецпрадстаўнік МЗС Польшчы ў справах супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Артур Міхальскі, старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай, прадстаўнік польскага Бюро культуры Артур Юзвік.
«Без культуры, ідэнтычнасці народ чэзне. А ў беларускай культуры ёсць вялікі патэнцыял — пашыраць унутраную свабоду суайчыннікаў. Менавіта дзякуючы творцам беларусы не трацяць надзеі жыць у незалежнай дзяржаве», — сказаў у звароце да прысутных Артур Міхальскі.
У першы дзень працы кангрэса прайшло тры секцыі, на якіх вялася гаворка аб праблемах захавання культурнай спадчыны і стварэнні ўмоў для развіцця беларускай культуры ўдалечыні ад Радзімы. Першая панэль была прысвечаная параўнальнай гісторыі: што было супольнага і рознага ў эміграцыі розных часоў і які досвед мінулых эмігрантаў можа прыдацца сёння.
«У эміграцыі творцам ніколі не было лёгка»
Цяперашняя хваля культурнай эміграцыі — ужо трэцяя за апошнія 100 гадоў. Пасля Першай сусветнай вайны патрыётаў Беларусі вабілі ідэалы нацыянальнага адраджэння, але неўзабаве стала зразумела, што палітыка Саветаў накіраваная на знішчэнне нацыянальнага апірышча. Як расказала прафесарка ўніверсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы Алены Глагоўская, эміграцыя ў 1920-я гады была шматкультурная, бо прадстаўнікі інтэлігенцыі розных нацыянальнасцяў уцякалі ад бальшавіцкіх уладаў. Беларускія цэнтры пачалі функцыянаваць у замежжы: у Чэхіі, Польшчы, Латвіі. Інтэгравацца ў замежным асяродку было цяжка, таму не дзіва, што шмат хто з эмігрантаў, паверыўшы прапагандзе, вярнуўся ў Савецкі Саюз. Але надзеі на лепшае жыццё не апраўдаліся: дзясяткі такіх дзеячаў сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій.
Наступная хваля эміграцыі пачалася пасля Другой сусветнай вайны. Пра яе ўдзельнікам кангрэса распавяла кандыдатка гістарычных навук, галоўная рэдактарка альманаха «Запісы БІНіМ» Наталля Гардзіенка: «У другой палове 1940-х гадоў уцекачы з СССР траплялі ў лагеры для перамешчаных асоб. Там былі сціплыя, але дастатковыя ўмовы для стварэння нацыянальных суполак, выдаваліся газеты, часопісы. Аднак пазней, калі эмігрантам трэба было выязджаць на сталае месца жыхарства, перад імі паўставала праблема пошуку працы і матэрыяльнага забеспячэння ўласнага існавання».
У эміграцыі, у чужой краіне творцам ніколі не было лёгка. Аднак, як падкрэсліла даследчыца, толькі адзінкі адмовіліся ад заняткаў мастацтвам. Затое на падтрымку творцаў паўстала грамада: падмуркам дзейнасці культурніцкіх арганізацый сталі дабрачынныя ахвяраванні.
Такую практыку можна выкарыстоўваць і сёння, бо і цяпер творцы ў замежжы перадусім мусяць клапаціцца пра ўласнае матэрыяльнае выжыванне. Але можна і варта ўлічваць новыя сучасныя рэаліі, калі на дапамогу творцам у эміграцыі могуць прыйсці і нацыянальныя медыя, і сучасныя інстытуцыі, якія спрыяюць пашырэнню культурнага досведу, лічыць беларускі мастак Андрэй Дурэйка, які з'ехаў з Беларусі 25 гадоў таму.
Беларускія творцы ў эміграцыі павінны сёння арыентавацца не толькі на культурніцкія патрэбы дыяспары.
Гранты на культуру
Пра тое, як развіццю беларускай культуры могуць паспрыяць замежныя дзяржавы, ішла гаворка на другой панэлі кангрэса. Паводле дырэктара польскага Бюро культуры Артура Юзвіка і культурнага менеджара, дырэктара Старамейскага дома культуры Марціна Ясінскага, аўтары беларускіх культурніцкіх праектаў могуць звяртацца па дзяржаўную падтрымку нароўні з польскімі. Але трэба ўлічваць, што тут існуе сур'ёзная канкурэнцыя. Галоўныя патрабаванні — гэта пісьменнае афармленне і аргументацыя на карысць таго, чым праект цікавы жыхарам Польшчы, апроч таго, што ён будзе спрыяць захаванню беларускага духу.
Прадстаўнікі польскіх культурніцкіх структур цалкам падзяляюць меркаванне пра тое, што дзяржаўная дапамога ў захаванні і развіцці беларускай культуры неабходная. З боку Польшчы ўжо ёсць і досвед такой працы — прыкладам, арганізацыя мастацкіх рэзідэнцый для дзеячаў тэатральнага мастацтва. У такіх рэзідэнцыях прапануюцца і магчымасці для творчай працы, і дапамога ў легалізацыі, і пэўная матэрыяльная падтрымка, бо многія ўцякаюць ад пераследу ў Беларусі «хто ў чым быў», як сказала дырэктарка Інстытута імя З. Рашэўскага Эльжбета Уратноўская.
Пра станоўчы досвед прасоўвання беларускага мастацтва ў Нямеччыне распавялі каардынатар ініцыятывы Razam Kunst аб’яднання беларусаў Нямеччыны Razam eV, рэжысёр Зміцер Чарткоў і ўдзельніца Пашыранай рады асацыяцыі RAZAM eV, адна з арганізатарак фестывалю беларускай культуры ў Нямеччыне Minsk x Minga Іна Валіцкая. Яны падкрэслілі, што беларускія творы, апрача захавання і развіцця нацыянальнай культуры, маюць яшчэ адну важную місію — расказваць свету пра Беларусь, і гэта асабліва важна ў святле апошніх падзей, калі беларускую дзяржаву многія ў замежжы лічаць суагрэсаркай у вайне з Украінай.
Прадстаўнікі беларускай культуры, трапіўшы ў эміграцыю, маюць вызначыцца: ці яны прыехалі проста перачакаць небяспеку або гатовыя да інтэграцыі ў замежнае культурніцкае поле? Хто ўсё ж мусіць стаць «спажыўцом» беларускага мастацтва ў эміграцыі: выключна дыяспара або значна шырэйшыя грамадскія колы краіны, якая аказвае падтрымку, асабліва з улікам таго, што дзяржаўная падтрымка ажыццяўляецца за кошт мясцовых падаткаплатнікаў? Дыскусіі наконт гэтых пытанняў працягваліся і падчас працы трэцяй панэлі кангрэса.
Дакладных рэцэптаў для складання праектаў з гарантаванай падтрымкай няма.
У апісанні працы апошняй панэлі анансавалася, што будуць асветленыя пытанні супрацы з донарамі, і некаторыя ўдзельнікі кангрэса чакалі канкрэтных рэкамендацый, як складаць паспяховыя праекты. Але прысутныя эксперты: каардынатар культурных праграм Інстытута Гётэ ў Варшаве Iгар Куксiн, старшы супрацоўнік Фонду дэмакратыі для Беларусі Нямецкага фонду Маршала ЗША Марына Рахлей і рэгіянальная дырэктарка Дацкага інстытута культуры ў Балтыі Лізавета Дубінка-Гушча — выказалі супольнае меркаванне, што ўсё залежыць ад спецыфікі прапаноў. З галоўнага — заяўка павінна быць складзеная пісьменна (і ёсць грамадскія структуры, якія з гэтым дапамагаюць), а сам праект мусіць быць актуальным і ў пэўным сэнсе наватарскім, а не напісаным па прынцыпе «ўсе такое робяць, зробім і мы».
Уласным досведам жыцця і творчасці ў замежжы падзяліўся пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, які прадстаўляе, паводле ягоных слоў, «маленькі саюз пісьменнікаў» разам з жонкай, таксама літаратаркай Юліяй Цімафеевай. Гарачае абмеркаванне выклікала ягоная тэза пра тое, што беларускі творца цікавы для замежжа ў дзвюх ролях: або ён ахвяра неспрыяльных акалічнасцяў, і тады яго падтрымліваюць са шкадобы, або ён сведка падзей, якія хвалююць увесь свет ці яго значную частку.
Некаторыя ўдзельнікі дыскусіі канстатавалі, што да 2020 года Беларусь была мала цікавай для замежнікаў, але пасля пратэстаў стаўленне да беларусаў стала больш прыхільным. І каб не пазіцыя беларускіх уладаў, што датычыць падтрымкі расійскага ўварвання ва Украіну і размяшчэння на беларускай тэрыторыі ЧВК «Вагнер», то яно было б яшчэ больш спрыяльным.
Падчас абмеркаванняў гучалі думкі пра тое, ці не мусяць еўрапейскія краіны ствараць асаблівыя ўмовы для захавання і развіцця беларускай культуры з улікам таго, што яна не падтрымліваецца ўласнай дзяржавай. Прынамсі, ці не павінны прадстаўнікі беларускага боку быць уключанымі ў экспертныя камісіі, каб апошнія больш аб'ектыўна ацэньвалі змест праектаў, прапанаваных творцамі ў эміграцыі.
Яшчэ адна прапанова, якая прагучала падчас кангрэса, — гэта пошукі амбасадараў беларускай культуры ў замежжы, якім быў і да сёння ёсць Стэфан Эрыксан, дыпламат, былы Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь, які вывучыў беларускую мову і заўсёды падтрымліваў развіццё нацыянальнай культуры.
Праца Першага кангрэса беларускай культуры ў эміграцыі працягнецца 17 верасня.
Чытайце таксама: