«Якое нахран адзінства?» Просты беларус выказаўся ў тыктоку пра Дзень народнага адзінства

Пакуль пад націскам аддзелаў ідэалогіі беларусы бурна імітуюць «народнае адзінства», тыктокер з нікам Воўк выказаўся пра гэта свята ў тыктоку.

17.09.2023 / 12:49

Воўк кажа, што яму так «хочацца выказацца, проста, блін, кіпіць усё ўнутры», таму ён рашыўся выкласці свой запіс у інтэрнэт.

Мужчына мяркуе, што сёння адзначаюць свята, якое ўзята ці то з нябёсаў, ці то са столі.

«Блін, ну, так я вам скажу. Якое нахран адзінства, калі кіраўніцтва жыве сваім жыццём, а звычайныя рабацягі жывуць сваім жыццём. Прыходзіш да дырэктара нешта спытаць — наконт жыцця, працы. Ён кажа… Ведаеце, што кажа? — «Не падабаецца, вунь — вароты, да пабачэння». Вось і ўсё народнае адзінства».

Мужчына кажа, што ёсць яшчэ святы, пра якія можна «многа распавесці», але гэта — адно з іх.

Гэта кароткая і простая прамова пад назвай «Праўда-матка» выклікала шмат каментароў: адны падтрымліваюць чалавека, іншыя абураюцца: маўляў, думай, што гаворыш.

Відавочна, што мужчына цалкам далёкі ад палітыкі. У яго акаўнце — простыя ролікі: застолле, караоке, хатняя гаспадарка, рыбалка.

Але і далёкі ад палітыкі чалавек разумее, што нават за словы пра імітацыю адзінства яго могуць звольніць. «Можа, у панядзелак ужо мая працоўная [кніжка] будзе ляжаць на стале», — кажа ён, але спадзяецца, што гэтага не здарыцца.

Чытайце таксама:

Пачаўся новы «патрыятычны» флэшмоб. Ад людзей патрабуюць твары

Валерый Залужны адкрыў чэлендж у Чачэрску

«Расіянін з беларускай душой» спявае пра любоў да Беларусі з Вікторыяй Алешка

У «Скориновских дней в Полоцке» ўжо нават і лагатып па-расейску

Nashaniva.com