У сеціве «хаваюць» Кадырава. Але сёння ён апублікаваў відэа з сабою — упершыню за два тыдні
У нядзелю ў сацсетках кіраўніка Чачні зʼявілася відэа, у якім Рамзан Кадыраў упершыню асабіста рэагуе на чуткі аб сурʼёзных праблемах са здароўем, якія распаўсюджваюцца чачэнскай дыяспарай і пацверджаныя ўкраінскай выведкай. Да гэтага часу апошнія відэа з Кадыравым, на якіх можна вызначыць час здымкі, зʼяўляліся ў яго акаўнтах і на рэспубліканскім дзяржканале больш за два тыдні таму, як сведчыць аналіз «Агентства».
17.09.2023 / 15:03
На відэа, апублікаваным днём у нядзелю, Кадыраў пад дажджом ідзе па асфальтаванай дарожцы, на ім — дажджавік. На адным з двух апублікаваных відэа відаць будынак, падобны да рэзідэнцыі Кадырава ў Грозным.
Па даных сэрвісаў надворʼя, у нядзелю ў Грозным — каля 16 градусаў, дождж.
У пасце пад відэа гаворыцца: «Вельмі раю ўсім, хто ў інтэрнэце не можа адрозніць праўду ад хлусні, прагуляцца на свежым паветры, прывесці думкі ў парадак».
Аднак на самім відэа Кадыраў прамаўляе больш абстрактны тэкст, ён кажа, што слухае Каран і што прайшоў пару кіламетраў.
Чуткі аб рэзкім пагаршэнні здароўя Кадырава пачалі распаўсюджвацца ў чацвер увечары: адно з такіх паведамленняў зʼявілася ў апазіцыйным чачэнскім тэлеграм-канале NIYSO, які ў ноч на 15 верасня паведаміў, што Кадыраў упаў у кому.
На наступны дзень украінскае выданне «Обозреватель» паведаміла са спасылкай на крыніцы ў чачэнскай дыяспары, што Кадыраў ужо некалькі дзён знаходзіцца ў коме. Паводле інфармацыі выдання, кіраўніка Чачні самалётам вазілі ў Маскву, але там яму не змаглі дапамагчы. Цяпер яго плануюць адправіць на лячэнне за мяжу, як мяркуецца, у ААЭ, напісаў «Обозреватель».
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Андрэй Юсаў пацвердзіў выданню інфармацыю аб цяжкім стане Кадырава.
Праз некалькі гадзін пасля заявы Юсава ў сацсетках Кадырава і яго памочніка Умара Даудава зʼявілася 10-секунднае відэа, на якім Кадырава паказваюць са спіны. Калі запісана гэта відэа, зразумець немагчыма.
Да нядзелі апошнія відэа ў сацсетках Кадырава, на яго афіцыйным сайце і на сайце ЧГТРК «Грозны», па якіх можна пацвердзіць час здымкі, былі датаваныя 1 верасня.
Пасля 1 верасня Рамзан Кадыраў не зʼяўляўся на відэа ці фота, якія звязаныя з актуальнымі падзеямі. У яго каналах такія падзеі каментаваліся толькі тэкставымі паведамленнямі.
На адзіным відэа, звязаным з актуальнай падзеяй — восеньскімі выбарамі, Кадырава не было.
8 верасня ў сацсетках было апублікавана відэа прагулкі з сямʼёй і яго прабежкі, 9 верасня — запіс з унукам Юсуфам, 10 верасня — ролік з сустрэчы з мамай, 12 верасня — відэа звароту да кіраўніка ўрада Чачні Магамеда Даудава. Ні на адным з відэа Кадыраў не прамаўляе ні слова. Ідэнтыфікаваць час запісу ролікаў немагчыма.