«Ашаламляе». Крытыкі ў захапленні ад «Дзікага палявання караля Стаха»

Сусветная прэм’ера новай пастаноўкі Беларускага cвабоднага тэатра па матывах аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча, якая адбылася 15 верасня ў Лондане, атрымала поўныя захаплення водгукі. Паяднанне оперных спевакоў, акцёраў, танцораў і артыстаў цырка; зліццё класічнай музыкі з электронікай; сумесь тэатра, кіно і оперы — усё гэта з першага погляду ўлюбіла ў сябе як гледачоў, так і крытыкаў.

18.09.2023 / 15:02

Фота: barbican.org.uk

Прэм’ера «Дзікага палявання караля Стаха» ў тэатры «Barbican» «ашаламляе, часам здзіўляе і татальна захапляе», піша выданне Opera Today.

«Раман класіка беларускай літаратуры не толькі заглыбляецца ў багатую культурную спадчыну сваёй краіны, але і прапануе напружанае выяўленне вопыту беларускага народа», — піша выданне, дадаючы, што ў 2023 годзе — пасля больш чым 20 гадоў спробаў вынішчэння Лукашэнкам беларускага сцяга, мовы, гісторыі і спадчыны — раман уяўляецца яшчэ і «глыбокай, прадбачлівай развагай над лёсам Беларусі».

«Дзікае паляванне караля Стаха» называецца «неймаверна амбіцыйнай, выразна правакацыйнай і натхняльна вобразнай пастаноўкай. Часам ажно занадта. Экранізацыя 1979 года выступае тут у якасці фона, дэзарыентуючы шэрагам выяў: лясоў, партрэтаў, туману, пакояў у замку. На ўсё гэта зверху накладаюцца цітры, а дызайн асвятлення стварае цені, зрухі, узоры, павуцінне і яркія колеры, якія прабіваюць пануючую цемру. 

Твор Караткевіча адначасова містычны і сучасны, гістарычны і жыццёвы. Так дырэктарка Беларускага свабоднага тэтра Наталля Каляда кажа, што «Дзікае паляванне» нагадвае нам, што мінулае не памерла, яно сёння тут, у Еўропе, і мы павінны зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб спыніць яго на ягоным шляху. Таксама яна дадае, што адной з мэтаў было аб'яднаць артыстаў з Беларусі і Украіны, якія, вымушаныя ўцякаць, каб пазбегнуць тыраніі, пераследу і вайны, сёння не могуць выступаць на радзіме — такім чынам пяць оперных спевакоў з Украіны далучыліся да сямі акцёраў Беларускага свабоднага тэтра.

«Дзікае паляванне караля Стаха» — гэта палітычная заява, якая сведчыць аб салідарнасці паміж беларусамі і ўкраінцамі, адзінымі ў абсалютным асуджэнні вайны ва Украіне. […] Але гэта таксама і дзівосна багатае мастацтва. У заключным слове Наталля Каляда заклікала нас мець надзею. Беларусь жыве, пакуль жыве мова ў песнях», — піша оперная крытык Клэр Сэймур напрыканцы сваёй рэцэнзіі ў Opera Today.

The Guardian звяртае ўвагу на «фізічны перформанс»: «тут ёсць ашаламляльныя рухі: у адной лясной сцэне, у якой хор разыгрывае гвалт у кругавой пантаміме, і ў другой, дзе шэраг павешаных цел хістаюцца і тузаюцца».

Таксама адзначае выданне і візуальную сцэнаграфію (аўтарства Надзі Саяпінай і Мікалая Халезіна, які разам з Наталляй Калядой выступае рэжысёрам пастаноўкі). «Час ад часу з'яўляецца U-вобразны пярэдні экран, які надае дзеянню яркае адценне снежнага шара, узмацняючы гатычнасць апавядання, так што персанажы нагадваюць фігуркі з музычнай шкатулкі. Але разам з гэтым побач ёсць сучаснасць задняга экрана з выразкамі з плёнкі, каб мы бачылі рэзкія выгібы дома на экране, калі героі перасоўваюцца па ім на сцэне».

The Guardian адзначае, што пры гэтым «Дзікае паляванне» не мае такой палітычнай асновы, як папярэдняя праца Беларускага свабоднага тэатра «Сабакі Еўропы»,

у якой таксама выкарыстоўваліся казачныя вобразы, але быў значна больш адкрыты каментар да вайны і дыктатарскай агрэсіі.

«Кароль Стах» — гэта пераважна гісторыя дома з прывідамі, жудасная, атмасферная і бездакорна перанесеная на сцэну з захапляльнай музыкай», — заключае выданне.

Выданне Time Out называе «Дзікае паляванне» «музычна і візуальна ашаламляльным, хоць трохі незразумелым». На старонцы выдання тэатральны крытык Анджэй Лукоўскі адзначае: «Лібрэта беларускага паэта Андрэя Хадановіча шалёна скача, рэзка падкідваючы новых персанажаў і бянтэжна пашыраючы аб’ём дзеяння далёка за межы першапачатковага «самотнага асабняка» сярод балотаў». Яшчэ больш цяжкасці для гледача, які не ведае беларускую мову, дадае «туман», які клубіцца па сцэне і часам замінае разгледзець англійскія субцітры.

Таксама крытык адзначае музыку Вольгі Падгайскай, называючы яе партытуру «абсалютна фенаменальным, напаўкашмарным, напаўсонным гукавым пейзажам з прыглушаных піяніна і скажоных струнных». Гэтак жа захапіў спадара Лукоўскага і відэадызайн ад Дзмітрыя Гука: «…сцэна, дзе Андрэй і Надзея танчаць за выявай каруселі, якая павольна круціцца, уражвае: яна магла доўжыцца паўгадзіны — і мне было б усё роўна».

Зрэшты крытык заключае, што неймаверна, што такое тэхнічна складанае шоу працуе так добра пасля ўсяго аднаго папярэдняга прагляду; і дадае, што шоу відавочна стане лепшым з часам і дапрацоўкамі, бо «ёсць нешта сапраўды надзвычайнае, што спрабуе выбрацца з яго пераследаваных прывідамі праходаў».

Nashaniva.com