Азербайджан пачаў наступ на Нагорны Карабах

Азербайджан пачаў «антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару ў Карабаху для аднаўлення канстытуцыйнага ладу». Пра гэта заявіла Мінабароны краіны.

19.09.2023 / 12:39

Дым узнімаецца пасля абстрэлу армянскіх пазіцый у Карабаху. 19 верасня 2023 года. Скрыншот з відэа: Stringer/Anadolu Agency via Getty Images

У мэтах «спынення шырокамаштабных правакацый», «раззбраення і вываду фармаванняў Узброеных Сіл Арменіі з нашых тэрыторый», «нейтралізацыі» ваеннай інфраструктуры і забеспячэння бяспекі мірных грамадзян Азербайджана «ў рэгіёне пачаты антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару», заявіла Азербайджанскае Мінабароны.

У Нагорным Карабаху гучыць паветраная трывога. Чуваць артылерыйская кананада, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы.

Mash паведамляе, што ў Сцепанакерце праблемы з мабільнай сувяззю.

Азербайджанскія СМІ апублікавалі відэа, на якім, як сцвярджаецца, паказаны момант знішчэння зенітна-ракетнага комплексу «Тор» армянскай арміі ў Нагорным Карабаху.

МЗС Азербайджана заявіла, што адзіным шляхам да міру ў Нагорным Карабаху з'яўляецца поўны вывад армянскіх УС і роспуск рэжыму ў Сцепанакерце (сталіца рэгіёна). 

У Міністэрстве абароны Арменіі паведамілі, што Азербайджан сёння раніцай распаўсюдзіў дэзынфармацыю — у прыватнасці, аб абстрэле азербайджанскіх пазіцый мінулай ноччу.

Пазней Мінабароны Арменіі ацаніла сітуацыю на межах краіны на фоне абвастрэння сітуацыі як «адносна стабільную».

Nashaniva.com