Што такое Bluesky, куды беларусы сыходзяць з твітара? І ў якім стане цяпер Bel_sky?
Пасля шэрагу, мякка кажучы, супярэчлівых рашэнняў Ілана Маска датычна Twitter карыстальнікі пачалі шукаць альтэрнатыўныя платформы. Адной з іх стала Bluesky — «дзіця» стваральніка Twitter Джэка Дорсі. Devby.io пагутарыла з беларусам, які цяпер развівае беларускую прастору ў Bluesky, і даведалася, чым гэтая сацсетка лепшая і горшая за Mastodon.
19.09.2023 / 22:43
Што такое Bluesky?
Калі коратка, гэта дэцэнтралізаваная сацыяльная платформа, распрацаваная былым гендырэктарам Twitter Джэкам Дорсі.
Сацсетка мае падобны да Twitter карыстальніцкі інтэрфейс з галоўнай укладкай падпісак і федэратыўным дызайнам. Таксама ў ёй прысутнічае мажлівасць выкарыстання алгарытмічных стужак і гнуткай мадэрацыі, магчымасці якой будуць з часам развівацца і павялічвацца.
У Bluesky можна патрапіць толькі з дапамогай інвайт-кода — яго выдаюць новым карыстальнікам прыкладна праз два тыдні на платформе. Плюс у кліента ў гэтай сацсетцы пакуль што няма DM; нельга дадаваць акаўнты ў спісы ці нават посціць паведамленні з gif-камі і відэа (гэта абумоўлена развіццём кліента ў рамках бягучага бэта-тэсціравання).
Акрамя таго, Bluesky, у адрозненне ад Twitter, выкарыстоўвае дэцэнтралізаваны пратакол АТ, падобны на ActivityPub. Карыстальнікі могуць лёгка змяніць свой handle (нікнэйм) праз уласны сайт, калі гэта карпаратыўны акаўнт — напрыклад, каб пацвердзіць аўтэнтычнасць.
З іншых адметнасцяў — у Bluesky пакуль што няма рэкламы. Стваральнікі шукаюць іншыя магчымасці зарабіць, напрыклад, праводзяць раўнды фінансавання платформы.
Хто там ужо ёсць?
Насамрэч, шмат хто, у тым ліку і Dev.by. Таксама, з беларускіх твітарскіх тут прысутнічае «Vožyk», які займаецца перакладамі гумарыстычных ролікаў на беларускую; «Джыпсінкоў»; вядомы стэндапер Міхась Ільін і шмат іншых (пра іх будзе ніжэй).
Адным з тых, хто развівае кам’юніці, — юзер з нікам «Весці з палёў». Ён папрасіў не называць ягонага імя з меркаванняў бяспекі, але пагадзіўся адказаць на пытанні выдання.
— Я прыйшоў у «Блюскай», як ні дзіўна, не праз тэхнічныя праблемы ці непрыняцце Маска. Мне наадварот Маск імпануе, але не ва ўсіх момантах, вядома, — кажа наш суразмоўца. — Я прыйшоў сюды, бо зразумеў, што новая пляцоўка — гэта шанец і магчымасць убудавацца ва ўжо відавочную новую беларускамоўную плынь; пабудаваць новую сетку кантактаў, пашырыць свой кругагляд.
І, што вельмі важна, пачаць на новай, магчыма, major-платформе стварэнне супольнасці, якая б мела адназначную і выразную ідэнтыфікацыю Belarus > belarusian language.
— Мяркуючы з вашай актыўнасці на платформе, вы — адзін з тых, хто цяпер «разварушвае» беларускае кам’юніці. А хто яшчэ развівае суполку ў Bluesky?
— На гэты момант усё развіваецца на першым і асноўным серверы — bsky.app.
Я займаюся пошукам і запрашэннем на платформу новых людзей. У гэтым мне дапамагаюць іншыя карыстальнікі, якія «ахвяруюць» свае інвайт-коды на агульныя патрэбы суполкі. Таксама раблю так званыя «прывітальныя запісы» (або па-айцішнаму «анбордзінг»), дзе тлумачу навічкам неабходную ўводную інфармацыю (пра гэта напішу ніжэй). Адказваю на пытанні карыстальнікаў пра платформу ў рамках сваіх ведаў. Сачу за абнаўленнем асноўнай афіцыйнай праграмы-кліента Bluesky. Вяду на англійскай мове камунікацыю з распрацоўшчыкамі для платформы з розных краін, калі ёсць патрэбы кам’юніці або маю заўвагі наконт багаў, запыты новых функцый, пытанні па выкарыстанні. Раблю невялікія гайды з малюнкамі па выкарыстанні інструментаў для платформы.
Аднойчы ўдалося «перавесці» на беларускую мову амерыканскага распрацоўшчыка, калі ён са слоўнікам, але пачаў пісаць па-беларуску, сам, без просьбаў і падказак. Я лічу гэта сапраўдным маленькім поспехам.
Але я проста энтузіяст, валанцёр. У мяне няма адміністрацыйных правоў, і я не займаюся мадэрацыяй, у мяне нават няма адпаведных тэхнічных інструментаў.
Ад самага пачатку нас было 4 чалавекі. Акрамя мяне — Юля, Вольга і Ігар Трафімовіч. Да ўсіх я стаўлюся з павагай і адзначаю іх унёсак у агульную справу.
Юля вельмі дапамагла на самым-самым пачатку. Яна выдала мне свой інвайт-код, каб я змог запрасіць на платформу Івана Дубовіка — выдатнага маладога ілюстратара, які робіць яскравыя і надзвычай важныя адукацыйныя карткі са словамі беларускай мовы. Гэта быў першы запрошаны на платформу чалавек, які зрабіў агульную стужку «жывой» з дапамогай сваіх рэгулярных публікацый.
Таксама Юля заўсёды знаходзіць час для таго, каб прывітаць новых карыстальнікаў. Такія, здавалася б, дробязі насамрэч моцна ўплываюць на пачатковае ўспрыманне платформы.
Вольга — першая беларускамоўная карыстальніца, якая зарэгістравалася ў Bluesky. Гэтага дасягнення ўжо не перабіць. Яна ад самага пачатку дапамагала і дапамагае ўзважанымі, карыснымі парадамі па развіцці нашага беларускага кластара — Белска́й (Bel_sky, такую назву я прапаноўваю выкарыстоўваць у дачыненні да беларускамоўнага кам’юніці).
Важная заўвага: тэрмін «кла́стар» не з’яўляецца афіцыйным і не выкарыстоўваецца ў афіцыйных дакументах платформы. Так званыя «кла́стары» і іх карту прапанаваў карыстальнік Jaz на адпаведным сайце. Гэтае слова надалей будзе выкарыстоўвацца ў значэнні візуалізаванага графа, які адлюстроўвае сацыяльнае ўзаемадзеянне акаўнта.
— Ігар Трафімовіч зрабіў для кластара найважнейшую рэч на пачатку нашага развіцця — фід усіх беларускамоўных запісаў і каментароў (фіды, або кастамныя стужкі — інтэгральная частка функцыянавання Bluesky). Ад гэтага і пачалося развіццё кластара.
Таксама Ігар час ад часу выпраўляе «асноўны» фід, які хутка працуе, але перыядычна патрабуе мэйнтэненсу, бо праз пастаянныя змены платформы можа спыняцца і пераставаць абнаўляцца. Гэта праца, якую ён робіць з уласнага жадання, за што я яму ўдзячны.
Я ўзяў на сябе валанцёрскую актыўнасць па развіцці суполкі. Юля, Вольга і Ігар прымаюць удзел у жыцці кам’юніці ў асноўным як каментатары і, вядома, як стваральнікі запісаў на тыя ці іншыя тэмы.
На каго тут падпісацца?
На тых, хто ўжо быў згаданы вышэй, у тым ліку і на самога «Весці з палёў» ды ягоных «калег» — Юлю, Вольгу і Ігара. А таксама на:
- Спартыўнага аглядальніка і гісторыка белспорту «Оршафа́нс»;
- Студыю беларускай агучкі «Кавярня»;
- Блогера, стваральніка беларускай агучкі і знаўцу беларускай граматыкі і правапісу Змітра;
- Гульнявога распрацоўшчыка Аляксея Гулёва;
- YouTube-блогера і асветніка Усяслава Пашкевіча;
- Журналіста, этнографа, даследчыка Максіма Хлябца;
- Музыканта і стваральніка гурта Sumarok Ігара Палынскага;
- Эксперыментальнага мастака і фатографа Аляксандра Караблёва;
- Сучаснага паэта «Былы Сын Былой Краіны»;
- Сучаснага паэта «Вар’ят з Батумі»;
- Івана Дубовіка які стварае адукацыйныя графічныя карткі са словамі беларускай мовы;
- Мастачку Віку Маркоўскую
- Мастачку Mad’S;
- Стваральніка электроннай музыкі Pawa ramonak;
- Мастака Nine Ravens Cemetery;
- Сацыяльны і забаўляльны акаўнт «Кіт у малэні», які выкарыстоўвае «палескую гаворку»;
І, вядома, можна проста пагартаць спіс падпісак тых, на каго вы ўжо падпісаліся.
Што рабіць навічку на платформе першым чынам? Інструкцыя ад «Весці з палёў»:
- Калі вы наогул не ведаеце, што рабіць пасля рэгістрацыі — напісаць мне, я прадстаўлю вас суполцы і адкажу на любыя вашыя пытанні наконт платформы ў межах сваіх ведаў;
- Мінімальна аформіць свой профіль карыстальніка, паставіць аватарку, напісаць у шапцы тую інфармацыю пра сябе, якую лічыце патрэбнай, каб іншыя карыстальнікі змаглі зразумець, цікавыя вы ім ці не;
- Далей — нашыя фіды (яны ж стужкі) «BEL» з усімі беларускамоўнымі запісамі і каментарамі:
- «Асноўны» — працуе хутчэй; знаходзіцца на https://fly.io/.
- «Дадатковы» — поўны дубль «Асноўнага».
- «Толькі запісы» (знаходзяцца на https://skyfeed.app/) — крыху павольнейшыя, але патэнцыйна менш тэхнічных замінак.
Усе тры фіды могуць не працаваць з тых ці іншых тэхнічных прычын.
Адкрываеце спасылкі, дадаяце фіды сабе ў падпіскі — «Add to My Feeds». Паслядоўнасцю фідаў у раздзеле «My Feeds» можна кіраваць такім чынам: значок шасцярэнькі ўверсе замацоўваеце патрэбны вам фід першым, і потым такім чынам — усе астатнія з замацаваннем ці без.
- Абавязкова звярніце ўвагу на моўныя маркеры, якія выкарыстоўваюцца падчас напісання запісаў і каментароў (больш тут). Таксама зайдзіце ў налады самой праграмы: Advanced > Content languages — і праверце, ці выстаўленая беларуская мова, а таксама мовы, на якіх вы хочаце бачыць адпаведны кантэнт у любых стужках. Калі мова не выстаўленая, вы не пабачыце запісаў і каментароў з адпаведным моўным маркерам!
- Ну і падпіска на цікавых вам карыстальнікаў, пра гэты мы ўжо казалі вышэй.
Чаму ўсё ж Bluesky, а не Mastodon?
— Тут трэба адзначыць, што я не з’яўляюся экспертам па Bluesky, AT Protocol, кліентах (праграмах) для Bluesky, — зазначае суразмоўца. — Іх (праграм) цяпер насамрэч усяго дзве: Bluesky (афіцыйная), Graysky (неафіцыйная).
Найважнейшымі, на мой погляд, асаблівасцямі Bluesky з’яўляюцца моўны маркер і фід, або алгарытмічная стужка. У Mastodon таксама прысутнічае моўная маркіроўка запісаў і каментароў, але я не ўбачыў (альбо не зразумеў), ці гэта мае значэнне.
У Bluesky гэта бачна адразу — неадпаведныя наладам моўныя запісы і каментары будуць змяшчаць таксама спасылку на выкарыстанне перакладчыка. А неадпаведныя глабальным моўным наладам — наогул не будуць бачныя.
На моўным маркеры пабудаваныя ўсе тры (на дадзены момант) стужкі нашага кластара. Яго лёгка выкарыстоўваць падчас стварэння фіда, што адразу дало магчымасць будаваць выключна беларускамоўную прастору. У алгарытмічных стужках закладзены велізарны патэнцыял, які ўжо цяпер дазваляе і персанальна, і калектыўна персаналізаваць кантэнт на платформе пад свае ці агульныя інтарэсы.
На маё меркаванне, Mastodon і Bluesky — гэта не проста дзве сацыяльныя сеткі. Гэта, што найбольш важна, два пратаколы, каб камунікаваць у рамках той ці іншай платформы.
Відавочна, што Mastodon, ActivityPub, Fediverse — больш адкрытыя рэалізацыі і сістэмы. Mastodon выкарыстоўвае ActivityPub — даўно вядомы пратакол, які імплементаваў нават сам W3C. Ну і Mastodon існуе ўжо больш за 7 гадоў. Дакументацыя, зыходны код — усё адкрыта і даступна для выкарыстання, у тым ліку для стварэння ўласных Mastodon-сервераў.
З іншага боку, Bluesky і AT Protocol — новыя сістэмы, якія як сацыяльная платформа і пратакол камунікацыі канчаткова аформіліся наогул толькі восенню 2022 года. Навіны ці нават чуткі пра Bluesky як новую і перспектыўную платформу ад Джэка Дорсі хадзілі па інтэрнэце ўжо даўно. Але дакладна ніхто нічога не бачыў і нават не ведаў.
Bluesky і AT Protocol — гэта адкрытыя, але прапрыетарныя (прыватныя) рэалізацыі. Можна прымаць удзел у распрацоўцы, напісанні кліентаў, развіцці платформы, але пакуль што толькі ў межах асноўнага сервера і пясочніцы. Іншых буйных рэалізацый яшчэ не існуе, калі разглядаць гэта ў рамках так званай федэратыўнай мадэлі ў Mastodon.
Bluesky, у адрозненне ад тэхнічна ўжо значна больш адпаліраванага і зручнага Mastodon, «пахне» і адчуваецца як новая major-платформа — хаця б таму, што за ёй стаіць каманда з распрацоўшчыкамі твітара і Джэкам Дорсі.
Прагрэс за апошнія паўгода-год бачны «простым вокам». Медыйная цікаўнасць да Bluesky відавочна большая. Проста параўнайце на сёння выдачу Google: Bluesky — 273 мільёны рэзультатаў, Mastodon — 166 мільёнаў (гэта лічбы на канец жніўня/пачатак верасня, цяпер яны мусяць быць яшчэ вышэйшымі). І гэта ўсяго праз 5 месяцаў публічнай актыўнасці «Блюская» — супраць 7 гадоў працы «Мастадона»!
Так, гэта па-ранейшаму бэта-тэсціраванне, і так, асноўны афіцыйны кліент яшчэ прымітыўны (але рэгулярна паляпшаецца і абнаўляецца). Але навошта вам добрая тэхналагічная платформа з калянулявой актыўнасцю ў стужцы? Або ўласны сервер з нулявой?
Я паважаю, зычу поспехаў, шырокай базы карыстальнікаў, жывой стужкі беларускаму mastodon-кам’юніці VKL і іншым беларускім інстансам. Але Mastodon, перш за ўсё, мне бачыцца тэхнічнай пляцоўкай для гікаў і тэхнічна адукаваных карыстальнікаў, а ўжо потым усё іншае.
Важным адрозненнем (пакуль што на карысць Mastodon) з’яўляецца поўны кантроль над актыўнасцю ў выпадку, калі гэта асобны, уласна адміністраваны сервер. На «Блюскаі» ўсім кіруе каманда Bluesky.
— Як на вашую думку, ці будзе вялікі сыход, калі Маск даломіць Твітар/X?
— Сваімі неабдуманымі і нават валюнтарысцкімі дзеяннямі Маск сапраўды запусціў незваротны працэс міграцыі карыстальнікаў з платформы.
Так, Твітар — гэта гігант з велізарнай тэхнічнай інфраструктурай, запасам моцы і штатам супрацоўнікаў нават пасля дзвюх хваль звальненняў. Выявілася, што «зламаць» платформу не так ужо і проста — але магчыма, калі кіраўнік прымае хуткія, імпульсіўныя рашэнні, якія, як мы ўжо неаднаразова бачылі, даводзіцца «адкочваць» назад.
Змена лагатыпа як вельмі вядомага брэнда таксама, на мой погляд, дзіўнае рашэнне. У сукупнасці ўсе гэтыя дзеянні адмоўна ўплываюць і на карыстальніцкую базу, і на медыйную рэпутацыю платформы.
Я думаю, што да «пункта невяртання» засталося паўтара, два гады — пры захоўванні тэмпу такіх дзіўных і неадэкватных эксперыментаў. Потым, пры негатыўным сцэнары, — сыход асноўнай масы карыстальнікаў і абвал платформы па ўзроўні наведвання. Інертнасць найбуйнейшай платформы можа прадоўжыць «агонію» яшчэ на некалькі год.
Але Маск — гэта той чалавек, які ўмее рабіць нечаканыя хады, ён яшчэ можа нас неаднаразова здзівіць, і падзеі могуць пайсці іншым шляхам. Пакуль што для «Ікса» яшчэ далёка не ўсё страчана.
«It will be a fun ride», як той казаў. Будзем назіраць за развіццём падзей.
Чытайце таксама:
Meta запускае новы сэрвіс Threads — непасрэднага канкурэнта Twitter. Запуск ужо заўтра
Стваральнік твітара аб'явіў пра стварэнне новай сацыяльнай сеткі
Бой стагоддзя: Маск і Цукерберг пагадзіліся пазмагацца ў клетцы. І гэта не жарт