У Сочы гарэў рэзервуар з палівам, а ў Краменчугу загарэўся нафтаперапрацоўчы завод

Папярэдняя прычына ўзгарання — атакі беспілотнікамі.

20.09.2023 / 09:00

Раніцай 20 верасня загарэўся рэзервуар з дызельным палівам каля адлерскага аэрапорта. Расійскія тэлеграм-каналы пішуць, што перад пажарам чулі выбух і што яго прычына — дрон-камікадзэ.

Губернатар Краснадарскага краю паведаміў, што пажар ужо патушаны. Пацярпелых няма.

Гэтай жа ноччу расійскія дроны-камікадзэ трапілі ў нафтаперапрацоўчы завод у Краменчугу Палтаўскай вобласці.

Як паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Дзмітрый Лунін, на заводзе адбыўся пажар. Працу прадпрыемства прыйшлося часова спыніць. Паводле папярэдніх звестак, ніхто не пацярпеў. 

Паводле інфармацыі Паветраных сіл УСУ, ноччу армія РФ атакавала Украіну некалькімі групамі «шахедаў» — усяго было каля 24 дронаў. 17 беспілотнікаў атрымалася знішчыць. Дроны былі збітыя над Сумскай, Палтаўскай, Кіраваградскай і Днепрапятроўскай абласцямі.

Nashaniva.com