Нагорны Карабах прыняў рашэнне аб капітуляцыі
Армянскія медыя паведамляюць пра тое, што дасягнута пагадненне аб вывадзе «падраздзяленняў і вайскоўцаў Узброеных сіл Рэспублікі Арменія» з зоны разгортвання расійскага міратворчага кантынгенту, а таксама аб расфармаванні і поўным раззбраенні падраздзяленняў «Арміі абароны Нагорнага Карабаха».
20.09.2023 / 12:07
Азербайджан 19 верасня абвясціў, што пачаў так званую «антытэрарыстычную аперацыю», нацэленую на пазіцыі армянскіх вайскоўцаў у рэгіёне Нагорнага Карабаха. Фота: Defense Ministry of Azerbaijan via AP
Улады непрызнанага Нагорнага Карабаха прынялі рашэнне аб спыненні агню, гаворыцца ў заяве інфармацыйнага цэнтра непрызнанай рэспублікі.
«На працягу двух дзён зацятых баёў падраздзяленні Узброеных сіл Арцаха гераічна абараняліся ад праціўніка, які пераўзыходзіў у некалькі разоў у жывой сіле і вайсковай тэхніцы, нанёсшы яму вялікія страты. На жаль, арцахскі бок таксама мае страты і параненых, а на некаторых участках праціўніку ўдалося прарвацца да баявых пазіцый сіл абароны, узяць пад свой кантроль шэраг вышынь і стратэгічных вузлоў дарог», — гаворыцца ў заяве.
У сувязі з гэтым улады Карабаха «прымаюць прапанову камандавання расійскай міратворчай місіі адносна спынення агню».
Баявыя дзеянні павінны быць спыненыя а 13:00 20 верасня.
Таксама ў заяве гаворыцца аб поўным раззбраенні арміі Карабаха і вывадзе цяжкай тэхнікі з тэрыторыі непрызнанай рэспублікі.
Пытанні з азербайджанскім бокам аб «рэінтэграцыі» і забеспячэнні правоў і бяспекі армян Нагорнага Карабаха будуць абмяркоўвацца на сустрэчы 21 верасня. Яна пройдзе ў азербайджанскім Еўлаху, а не на нейтральнай тэрыторыі.
Гарантыі бяспекі Нагорнаму Карабаху давала Расія, але расійскія міратворцы, размешчаныя ў рэгіёне, не адрэагавалі на дзеянні азербайджанскіх войскаў. Арменія, якая зрабіла стаўку на Расію яшчэ ў 1990-я, плаціць высокую цану. Па ўсёй імавернасці, 120 тысяч армян Арцаха (Нагорнага Карабаха) будуць вымушаныя пакінуць сваю зямлю, якую яны засялялі спрадвеку. Згодна з адміністратыўным дзяленнем СССР гэтыя землі ўвайшлі ў склад Азербайджанскай ССР, бо ад Арменіі іх аддзяляла паласа тэрыторый, заселеных азербайджанцамі. Таму дэ-юрэ, а цяпер і дэ-факта суверэнітэт над Нагорным Карабахам мае Баку.
Разам з гэтым мяняецца геапалітычная сітуацыя на Каўказе, што адлюстроўвае аслабленне Расіі.
Чытайце таксама:
Азербайджан пачаў наступ на Нагорны Карабах
«Гэта вельмі ўразлівая мадэль». Пашынян заявіў, што Арменія больш не можа спадзявацца на Расію
Пуцін: Калі Арменія прызнала, што Карабах — частка Азербайджана, то пра што размова?