«Усе фонды, якія мы закрылі, сабраць пад адзін дах». Лукашэнка няўклюдна апраўдваўся адносна новай рэзідэнцыі 

На нарадзе па пытаннях адукацыі Лукашэнка закрануў тэму новай рэзідэнцыі ў Мінску, якая, па звестках «Белпола» і «Нашай Нівы», ствараецца для яго як будучага старшыні Усебеларускага народнага сходу.

21.09.2023 / 20:07

Па інфармацыі «Нашай Нівы», будынак былога аддзялення афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра (гэта значыць, прэзідэнцкай бальніцы), шыкоўная рэканструкцыя якога цяпер завяршаецца — гэта ў задуме рэзідэнцыя старшыні Усебеларускага народнага сходу. Такую новую пасаду Аляксандр Лукашэнка прапісаў у Канстытуцыі ў 2022 годзе. Уладальнік гэтай пасады мае паўнамоцтвы кантраляваць прэзідэнта краіны, што дало падставы думаць, што яна задуманая пад самога Лукашэнку на перыяд калі ён пастарэе і захоча перадаць уладу падкантрольнаму сабе пераемніку.

Відавочна, Лукашэнку далажылі пра публікацыі незалежных СМІ, і выхад на свет таямніц яго зачапіў, бо ў сваім выступленні перад удзельнікамі нарады па адукацыі ён адмыслова звярнуўся да гэтай тэмы, адзначыўшы, што ў краіне, маўляў, пачынаецца электаральная кампанія, адпаведна варожыя сілы актывізаваліся і спрабуюць укусіць у тым ліку і яго, хоць ён, маўляў, у дэпутаты і не ідзе.

Паводле версіі Лукашэнкі, стары будынак, як ён сцвярджае «рэабілітацыйнага» аддзялення бальніцы ягонае ўпраўленне справамі адрамантавала і ён даручыў

«на другіх паверхах усе фонды, якія мы закрылі, сабачак лячылі, катоў, дабрачынныя і гэтак далей сабраць пад адзін дах».

Што пад гэтым маецца на ўвазе, сказаць складана, а ў падрабязнасці Лукашэнка не ўдаваўся, таму апраўданне атрымалася не вельмі пераканаўчым. 

Замест больш падрабязнага высвятлення ён кінуўся ў агульнапалітычныя разважанні. Рэзідэнцый, маўляў, у яго і без таго хапае, і яму без розніцы, дзе працаваць, «Караніка адсюль ці адтуль знайду імгненна, кнопку націснуўшы». 

А паведамляюць пра гэта, маўляў, каб «абмакнуць», згадаўшы пра ёршыкі за 600 рублёў, якіх нібыта няма і быць не можа. Затое «ідзе накат, і выбіраюць цэнтральных людзей, на каго націснуць і па кім ударыць». 

Лукашэнка заклікаў «даносіць гэта да людзей і ім тлумачыць», бо «на кожнага, хто так ці іначай патрыёт, ужо рыхтуецца інфармацыйная атака». А каб не апраўдвацца па ёршыках, трэба «працаваць не аглядаючыся і рабіць канкрэтныя справы».

Чытайце таксама:

«Ад гэтай практыкі адыходзіць не трэба». Лукашэнка прыхільна выказаўся пра паборы з бацькоў школьнікаў

Абавязковае размеркаванне ўвядуць і для платнікаў, а бюджэтнікам павялічаць яго працягласць — нарада ў Лукашэнкі

У цэнтры Мінска пабудаваная рэзідэнцыя старшыні Усебеларускага народнага сходу? Там ён зможа не толькі працаваць і жыць, але і лячыцца

Nashaniva.com